У Расіі зорку «Што? Дзе? Калі?» ўнеслі ў спіс тэрарыстаў
22.01.2025 / 17:30
Раўшан Аскераў выказваўся супраць вайны, у Расіі яго падазраюць па артыкуле аб «рэабілітацыі нацызму».
Раўшан Аскераў. Скрыншот відэа
Вядомы ў мінулым гулец у «Што? Дзе? Калі?», журналіст Раўшан Аскераў унесены ў расійскі рэестр «тэрарыстаў і экстрэмістаў». У спісе ёсць пазнака, што на Аскерава завялі крымінальную справу па тэрарыстычным або экстрэмісцкім артыкуле. Ягоныя банкаўскія рахункі ў Расіі будуць замарожаныя.
Аскераў доўгі час быў адным з яркіх і пазнавальных гульцоў расійскага тэлеклуба «Што? Дзе? Калі?». У красавіку 2022 года ў дачыненні да Аскерава распачалі крымінальную справу аб рэабілітацыі нацызму. Усяму віной стаў ягоны пост у сацсетках, у якім журналіст, спасылаючыся на дакументы, назваў маршала Георгія Жукава «марадзёрам са стажам і злодзеем, які вывозіў з Германіі трафейную маёмасць для асабістага карыстання».
Аскерава абвясцілі ў вышук і завочна арыштавалі, а затым унеслі ў рэестр замежных агентаў. Сам былы знаток з'ехаў на радзіму, у Азербайджан, і заявіў, што вяртацца ў Расію не плануе. Аскераў таксама выказваўся супраць расійскага ўварвання ва Украіну.
Таксама ў рэестр тэрарыстаў і экстрэмістаў унеслі палітыка Леаніда Гозмана. У 2024 годзе яго завочна асудзілі на восем гадоў і шэсць месяцаў турмы паводле артыкула аб «фэйкі пра армію», які не з'яўляецца «тэрарыстычным» або «экстрэмісцкім».
Чытайце таксама:
Расійскі Следчы камітэт пачаў праверку выказванняў былога гульца «Што? Дзе? Калі?»
Знатака Іллю Новікава завочна асудзілі ў Расіі на восем з паловай гадоў
Супраць адваката і былога знатака Іллі Новікава ў Расіі завялі справу аб дзяржздрадзе
Адвакат, былы знаток «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў: «Я больш не расійскі юрыст. Я ўкраінец»