БЕЛ Ł РУС

У Курскай вобласці загінулі каля тысячы паўночнакарэйскіх салдат

23.01.2025 / 7:30

Nashaniva.com

Паводле звестак заходніх афіцыйных асобаў, станам на сярэдзіну студзеня паўночнакарэйскія войскі ў Курскай вобласці страцілі забітымі і параненымі каля чатырох тысяч чалавек, з іх каля тысячы загінулі, піша Бі-бі-сі.

Як адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі па пытаннях бяспекі Фрэнк Гарднер, гэта вельмі высокі паказчык, улічваючы, што на дапамогу Расіі ў Курскую вобласць, куды ў жніўні мінулага года ўвайшлі ўкраінскія войскі, было накіравана каля 11 000 вайскоўцаў.

Стратамі лічацца забітыя, параненыя, зніклыя без вестак і тыя, хто трапіў у палон.

Аднак заходнія чыноўнікі на ўмовах ананімнасці паведамілі Бі-бі-сі, што каля тысячы вайскоўцаў загінулі ў баі. Гэта вельмі высокі ўзровень страт, і ён непрымальны для паўночнакарэйскага кантынгенту без значнага падмацавання, адзначае Гарднер.

Незразумела, дзе параненыя праходзяць лячэнне, і таксама незразумела, калі і ў якой колькасці іх заменяць. Аднак ужо відавочна, што паўночнакарэйскі рэжым плаціць высокую цану за дапамогу Расіі.

У канцы мінулага года Украіна і Паўднёвая Карэя паведамілі, што Пхеньян накіраваў у Расію як мінімум 10 тысяч вайскоўцаў.

Уладзімір Пуцін заявіў, што выкарыстанне паўночнакарэйскіх войскаў у баявых дзеяннях супраць Украіны — гэта «суверэннае рашэнне» Расіі.

У сярэдзіне студзеня Нацыянальная разведвальная служба Паўднёвай Карэі паведаміла пра гібель больш за 300 паўночнакарэйскіх салдат, якія ваявалі за Расію. Па іх даных, прынамсі 2700 былі параненыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула