БЕЛ Ł РУС

Сыранкоў прапанаваў замяніць слова «прэзідэнт» на «старшыня Рэспублікі Беларусь»

23.01.2025 / 8:34

Nashaniva.com

Кандыдат у прэзідэнты і першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў заявіў, што яму не падабаецца слова «прэзідэнт» для абазначэння найвышэйшай дзяржаўнай пасады ў краіне. На яго думку, «старшыня» пасуе значна лепш.

Сяргей Сыранкоў. Фота: Tochka.by

Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду прызнаўся, што само слова «прэзідэнт» выклікае ў яго пэўны дыскамфорт. На думку Сыранкова, гэта слова «заходняе і адсылае нас да буржуазнай традыцыі».

«Вось «старшыня Рэспублікі Беларусь» гучыць добра, па-народнаму», — дадаў Сыранкоў у інтэрв’ю РІА «Навіны». Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць таго, што гэта назва павінна быць «на нашай мове».

Зазначым, што менавіта пасады «старшыня» ёсць у лідараў Кітая і КНДР.

Раней Лукашэнка заявіў, што з так званых альтэрнатыўных кандыдатаў яму найбольш спадабаўся «Сярожа Сыранкоў».

«Мне спадабаўся Сярожа Сыранкоў. Ну нармальна. Ён кажа: «Вы ведаеце, мы не супраць, мы за, мы разам, і мы будзем жадаць перамогі дзейнаму прэзідэнту. Бо тое, што ён робіць, не разыходзіцца з нашай праграмай». Шчыра і адкрыта чалавек ад камуністаў гэта сказаў. Сказаў шчыра. Я паслухаў, калі ён выклаў сваю праграму. Нічога новага: мы захавалі свае гіганты-прадпрыемствы, мы стараемся падзяліцца з людзьмі лішняй капейкай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сам Сыранкоў раней казаў, што ягоная задача на выбарах — заняць другое месца пасля Лукашэнкі. Словы Лукашэнкі могуць патэнцыйна сведчыць пра тое, што прынята рашэнне ягоную мару здзейсніць. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула