Арандатарка-расіянка раптоўна з'ехала. Уладальніца кватэры хвалюецца, што цяпер трэба скасоўваць дамову праз суд
27.01.2025 / 8:0
Пакуль дзейнічае дамова арэнды, уладальнік кватэры павінен плаціць падаткі. Але што рабіць, калі кватарант раптоўна знік? Спыталі ў юрысткі.
Пра непрыемны выпадак беларуска расказала ў твітары. Яна здала кватэру расіянцы. Тая планавала жыць год, але чамусьці вырашыла з’ехаць праз месяц. Проста даслала арандатарцы паведамленне: «Прабачце, я з'язджаю, ключы ў паштовай скрынцы, задатак пакіньце сабе».
Уласніца кватэры папрасіла расіянку прыехаць і афіцыйна скасаваць дамову, але былая кватарантка адмовілася, а потым перастала адказваць на паведамленні. Беларуска хвалявалася, што прыйдзецца цяпер ісці ў суд. Бо трэба скасаваць дамову, каб мець магчымасць афіцыйна шукаць новага жыльца. Таму што пакуль старая дамова дзейнічае, арэндадаўца павінна плаціць падаткі за кватарантку.
Але ці так гэта?
Згодна з п. 2 арт. 62 Жыллёвага кодэкса наймальнік жылога памяшкання мае права скасаваць дагавор найму ў любы час пасля выканання сваіх абавязацельстваў перад арэндадаўцам, прапісаных у дамове і Жыллёвым кодэксе. Пры выездзе кватаранта і членаў яго сям'і дагавор найму лічыцца скасаваным з дня іх выезду.
«Мяркуючы па ўсім, наймальнік кватэры (дзяўчына) выехала, пра што паведаміла ўласніцы кватэры. Таму, паводле вышэйпрыведзенай нормы, дамова найму кватэры ўжо лічыцца скасаванай, і няма ніякай неабходнасці звяртацца ў суд. Думаю, неабходна паведаміць у ЖЭС і падатковую аб аднабаковым скасаванні дамовы і паказаць апавяшчэнні ад дзяўчыны», — каментуе «Нашай Ніве» юрыстка (яе імя не прыводзіцца ў мэтах бяспекі).
Што да задатку, то, калі ў невыкананні дамовы вінаваты кватарант, ён застаецца ў арэндадаўцы. Да таго ж вінаваты бок абавязаны пакрыць другому боку страты з залікам сумы задатку, калі ў дамове не прадугледжана іншае.
«Таму ў гэтай сітуацыі неабходна чытаць умовы дамовы. Але па агульным правіле ўласніца можа пакінуць сабе задатак і выкарыстоўваць яго, напрыклад, на дробны рамонт або выплату камунальных плацяжоў», — дадае юрыстка.
Чытайце таксама:
Ці законна весці відэаназіранне за кватэрай, калі здаеш яе пасутачна?
Беларусаў пачалі караць за тое, што яны не паведамляюць МУС пра здачу кватэры іншаземцам