Міністэрства інфармацыі забараніла прадаваць кнігі Чака Паланюка, Эн Эплбаўм і Ханьі Янагіхары
Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало яшчэ 30 кніг у спіс забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў. Паводле меркавання ведамства, «гэтыя кнігі здольныя нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».
Кніга «Калыханка» Чака Паланюка
Сярод забароненых выданняў — раман амерыканскага пісьменніка Чака Паланюка «Калыханка», а таксама «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм, «Маленькае жыццё», «Да самага раю» Ханьі Янагіхары і іншыя, піша «Радыё Свабода».
Чак Паланюк найбольш вядомы як аўтар адзначанай шматлікімі прэміямі кнігі «Байцоўскі клуб», па якой у 1999 годзе Дэвідам Фінчэрам быў зняты аднайменны фільм. У 2018 годзе ў беларускай выдавецкай серыі «Амерыканка» выйшаў пераклад на беларускую мову «Байцоўскага клуба» Чака Паланюка. Твор пераклаў Сяржук Мядзведзеў, які за гэты пераклад у 2014 годзе атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
Вядомая амерыканская журналістка, пісьменніца, даследчыца Эн Эплбаўм з'яўляецца сталаю аўтаркаю часопіса Atlantic і напісала некалькі кніг на тэму злачынстваў таталітарных рэжымаў: «Чырвоны голад: вайна Сталіна супраць Украіны», «Жалезная заслона: Разгром Усходняй Еўропы 1944—1956 гг.» і «ГУЛАГ» ды іншыя.
Ханья Янагіхара — амерыканская пісьменніца, найбольш вядомая сваім раманам-бестсэлерам «Маленькае жыццё», які ўвайшоў у шорт-ліст Букераўскай прэміі 2015 года.
Астатнія 26 кніг, дададзеных у спіс Міністэрства інфармацыі, належаць малавядомым замежным пісьменнікам. Спіс цалкам цяпер уключае 65 пазіцый.
Чытайце таксама:
Аб'явілі «экстрэмісцкімі» канал пра беларускае кіно і кнігі Шыбекі ды Дзеружынскага
«Экстрэмісцкую літаратуру» складаем асобна». У бібліятэках рыхтуюцца да адкрыцця спецхранаў
Прызналі «экстрэмісцкімі» адразу 12 кніг па гісторыі: Тарас, Дзеружынскі, Лыч, Сувораў…