БЕЛ Ł РУС

Па правую руку ад Лукашэнкі — Коля, па левую — Насця Казырыцкая. Нагадваем, хто яна такая

25.01.2025 / 9:17

Nashaniva.com

Дзяўчына, на 49 гадоў маладзейшая за Аляксандра Лукашэнку, часцяком суправаджае яго на публічных мерапрыемствах.

Звяртае на сябе ўвагу рассадка найбліжэйшага кола Аляксандра Лукашэнкі на канцэрце ў «Мінск-Арэне» — фінальным агітацыйным мерапрыемстве «Марафона адзінства».

Атачэнне Лукашэнкі. Фота: president.gov.by

У цэнтры, натуральна, Аляксандр Лукашэнка. Праваруч ад яго сын Коля. Далей за ім сядзіць Святлана Канашэнка — асабістая доктарка Лукашэнкі, якая некалі адказвала за выхаванне Колі, а цяпер, падаецца, сканцэнтравана на абслугоўванні шпіца Умкі. За ёй відаць арліны профіль гімнасткі Ксеніі Санковіч. А яшчэ далей — прэс-сакратарка Наталля Эйсмант.

Хто ж злева? Побач з Лукашэнкам мадэль Настасся Казырыцкая. І толькі далей за ёй Віктар Шэйман, маці Колі Ірына Абельская, а таксама яе першы сын Дзмітрый Абельскі са сваёй дзяўчынай, пластычным хірургам Дзінай Эль-Дзіэфі Фейсал.

21-гадовая Настасся Казырыцкая ў апошнія гады часта апынаецца побач з 70-гадовым палітыкам, які па ўзросце лепш бы пасаваў ёй у дзядулі.

Упершыню яна з'явілася з Лукашэнкам на навагоднім балі 2022-2023, у 2023 годзе суправаджала яго на бал выпускнікоў і на Дзень Незалежнасці.

Лукашэнка і Настасся Казырыцкая на свяце выпускнікоў у 2023 годзе. Фота: сайт Лукашэнкі

Насця — удзельніца конкурсу «Міс Беларусь — 2021». Тады яна не перамагла, але ўрэшце раскруцілася больш за астатніх канкурэнтак.

Казырыцкая вырасла ў сям’і экс-міліцыянта, які звольніўся з органаў прыкладна ў час нараджэння дачкі. Скончыла каледж тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці, паступіла ў БДЭУ на спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт». Па стане на 2021 год дзяўчына — а ёй было 18 гадоў — лічылася бухгалтарам упраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.

У 2024 годзе афіцыйная пасада Казырыцкай гучала так: асістэнт па забеспячэнні дзелавога пратакола ўпраўлення дзяржаўных, афіцыйных і культурных мерапрыемстваў Нацыянальнай школы прыгажосці.

На момант конкурсу ў Насці былі такія параметры: рост 177 см, вага 52 кг, 83-64-88.

Настасся Казырыцкая на фінале «Міс Беларусь — 2021». Скрын відэа СТБ

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула