Трамп «рэзка пагаварыў» з прэм'ерам Даніі
Данія пагадзілася на абмеркаванне Арктыкі з Вашынгтонам, паведаміў міністр замежных спраў Даніі Ларс Леке Расмусэн пасля сваёй першай тэлефоннай размовы з новым дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіа з адміністрацыі Дональда Трампа, піша Радыё Свабода.
Дональд Трамп. Фота: Manuel Balce Ceneta / AP
Трамп, які пачаў нядаўна новы тэрмін у Белым доме, заяўляў пра намер далучыць Грэнландыю, якая мае статус самакіраванай тэрыторыі ў складзе дацкага Каралеўства. Пры гэтым Трамп не стаў выключаць прымяненне сродкаў эканамічнага і ваеннага ціску.
У распаўсюджаным у пятніцу паведамленні МЗС Даніі гаворыцца, што Расмусэн і Рубіа правялі 20-хвілінную гутарку ў «добрым і канструктыўным тоне», абмеркаваўшы Украіну, еўрапейскую бяспеку і сітуацыю на Блізкім Усходзе, паведамляе Reuters.
«Арктычная бяспека не стаяла на парадку дня, але было вырашана, што абмеркаванне паміж Злучанымі Штатамі, Даніяй і Грэнландыяй будзе мець месца пазней, — заявілі ў дацкім Міністэрстве.
Газета Financial Times у пятніцу са спасылкай на еўрапейскія крыніцы паведаміла, што размова самога Трампа з прэм'ер-міністрам Даніі Метэ Фрэдэрыксен, якая адбылася на мінулым тыдні, «прайшла вельмі дрэнна». Выданне спасылаецца на пяць цяперашніх і былых еўрапейскіх чыноўнікаў, якія былі праінфармаваныя аб званку.
Са слоў суразмоўцаў выдання, Трамп у размове заняў агрэсіўную і канфрантацыйную пазіцыю пасля слоў кіраўніка дацкага ўрада аб тым, што Грэнландыя не прадаецца, пры тым што адначасова Фрэдэрыксен прапанавала пашырэнне супрацоўніцтва ў пытаннях функцыянавання вайсковых баз і распрацоўцы карысных выкапняў.
«Ён быў непахісны. Гэта было як халодны душ. Раней было цяжка ўспрымаць гэта сур'ёзна. Але я думаю, гэта ўсё сур'ёзна, і патэнцыйна вельмі небяспечна», — адзначыла адна з крыніц газеты.
У офісе прэм'ера Даніі ў адказ на публікацыю заявілі, што не прызнаюць інтэрпрэтацыю размовы са слоў ананімных крыніц.
Чытайце таксама:
Прэм'ер Грэнландыі: Мы не хочам быць амерыканскімі або дацкімі, але хочам быць незалежнымі
Большасць жыхароў Грэнландыі гатовы далучыцца да ЗША — апытанне
Лукашэнка выказаўся пра заявы Трампа аб Грэнландыі і Канадзе