Калумбія за гадзіну капітулявала перад патрабаваннямі Трампа
Міністэрства замежных спраў Калумбіі заявіла, што вырашыла «тупіковую сітуацыю» з ЗША. Гэта адбылося вельмі хутка пасля пагроз Трампа ўвесці высокія мыты.
Пасадка арыштаваных нелегальных імігрантаў у самалёт. Фота: US GOVERNMENT
У нядзелю два амерыканскія вайскова-транспартныя самалёты павінны былі даставіць з ЗША ў Калумбію групу нелегалаў з гэтай краіны. Аднак прэзідэнт Калумбіі Густава Петра забараніў ім пасадку.
Дональд Трамп у адказ заявіў у сваёй сацсетцы Truth Social, што ўводзіць 25-працэнтныя пошліны на ўвесь імпарт з Калумбіі і візавыя санкцыі супраць калумбійскага кіраўніцтва.
Густаў Петра адказаў, што Калумбія ўвядзе такія ж пошліны на амерыканскі імпарт. Але вельмі хутка перадумаў. «Мы працягнем прымаць калумбійцаў, якія вяртаюцца ў якасці дэпартаваных, гарантуючы ім годныя ўмовы», — гаворыцца ў заяве калумбійскага ўрада. Таксама быў абяцаны прэзідэнцкі самалёт для аблягчэння вяртання грамадзян Калумбіі.
Белы дом у адказ выпусціў заяву, што Калумбія адступіла, і таму пошліны і санкцыі ўведзены не будуць.
«Урад Калумбіі пагадзіўся на ўсе ўмовы прэзідэнта Трампа, уключаючы неабмежаваны прыём усіх нелегальных замежнікаў з Калумбіі, якія вяртаюцца са Злучаных Штатаў, у тым ліку на ваенных самалётах ЗША, без абмежаванняў», — заявіла адміністрацыя Трампа.
«Сённяшнія падзеі ясна паказваюць, што Амерыку зноў паважаюць. Прэзідэнт Трамп разлічвае, што ўсе астатнія краіны свету будуць у поўнай меры супрацоўнічаць у справе дэпартацыі іх грамадзян, якія незаконна знаходзяцца ў Злучаных Штатах», — гаворыцца ў заяве Белага дома.