БЕЛ Ł РУС

Мінімальную пенсію беларускага іпэшніка назвалі ў Мінпрацы. Гэта маленькія грошы

28.01.2025 / 8:17

Nashaniva.com

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расказала пра пенсіі для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), якія робяць мінімальныя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) цягам 20 гадоў, піша Tochka.by.

Памер пенсійных выплат для кожнага грамадзяніна, уключаючы ІП, залежыць ад стажу і ўзроўню даходаў, з якіх рабіліся ўзносы. Таксама на канчатковы памер пенсіі могуць уплываць надбаўкі, напрыклад, для інвалідаў I групы ці пенсіянераў старэй за 75 гадоў.

Што датычыцца ўзносаў у ФСАН, іх мінімальны ўзровень павінен складаць не менш за 35% ад велічыні мінімальнай заработнай платы. З 1 студзеня 2025 года мінімальная заработная плата павялічылася на 100 рублёў у параўнанні з 2024 годам і цяпер складае 726 рублёў.

Паводле разлікаў, гадавы мінімум выплат у ФСАН для ІП складзе 3049,2 рубля.

«Калі вы не менш за 20 гадоў сплачвалі ўзносы з даходу, які не перавышае мінімальную заработную плату, то вы фармуеце права толькі на мінімальную працоўную пенсію па ўзросце — сёння гэта 460 рублёў,» — падкрэслілі ў міністэрстве.

Акрамя таго, там звярнулі ўвагу на тое, што прадпрымальнікі маюць магчымасць павысіць сваю будучую пенсію шляхам добраахвотных адлічэнняў у ФСАН звыш устаноўленых мінімальных сум.

«Чым вышэй даход і ўзносы з яго, тым вышэйшая будучая пенсія,» — дадалі ў Мінпрацы.

Таксама адзначылі, што ў стаж уключаюцца толькі тыя перыяды, калі ў фонд ФСАН рабіліся ўзносы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула