БЕЛ Ł РУС

Літовец, якога абвясцілі на радзіме ў вышук, знайшоўся ў Беларусі — быў «незалежным» назіральнікам на выбарах

28.01.2025 / 12:01

Nashaniva.com

Эдыкас Ягелавічус, які знаходзіцца ў вышуку ў Літве па падазрэнні ў дзейнасці супраць дзяржавы, знайшоўся ў Беларусі. Беларускія прапагандысты паказалі яго як «незалежнага назіральніка» на так званых выбарах, якія прайшлі 26 студзеня. 

Ягелавічус пахваліў беларускія выбары за тое, што яны праходзяць у «атмасферы свята».

«Такога я нідзе не бачыў. У Літве ты проста прыходзіш і апускаеш бюлетэнь у урну. На ўчастку не грае музыка, ніякія артысты не танчаць і не спяваюць, буфеты не працуюць», — скардзіўся ён.

Ягелавічус раней быў «назіральнікам» на арганізаваным Расіяй «рэферэндуме» на акупаваных тэрыторыях Украіны. Ён таксама быў членам ліквідаванай у 2023 годзе арганізацыі «Міжнародны форум добрасуседства» і паплечнікам асуджанага за шпіянаж на карысць Расіі Альгірдаса Палецкіса, піша LRT. 

Па словах прадстаўніка арганізацыі «Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары» (European Platform for Democratic Elections) Лукаша Кандрацюка, беларускі і расійскі рэжымы выкарыстоўваюць розных маргінальных палітыкаў і актывістаў з-за мяжы для прапагандысцкіх мэт, каб стварыць бачнасць легітымнасці сфальсіфікаваных выбараў.

«Іх малююць як важных асоб у мэтах прапаганды, каб паказаць унутранай аўдыторыі: глядзіце, замежнікі назіралі за выбарамі і заявілі, што яны былі сумленнымі», — сказаў Кандрацюк парталу LRT.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула