Белы дом апублікаваў афіцыйны фотаздымак першай лэдзі Меланіі Трамп
На фота — элегантная, моцная, надзвычай упэўненая ў сабе жанчына. Чорна-белы здымак яскрава дэманструе, што штаны ў Авальным кабінеце носіць не толькі новаабраны прэзідэнт, іранізуе рэдактар Bild Аляксандр Хайнен.
Фота: Белы дом
Вобраз Меланіі нагадаў яму гучны серыял пра амерыканскую палітыку «Картачны домік» і актрысу Робін Райт у ролі Клэр Андэрвуд, якая становіцца прэзідэнтам ЗША.
«Поза жонкі Трампа таксама наўрад ці была выбрана выпадкова: складзеныя пальцы на паліраваным стале, драпежны позірк, які фіксуе гледача. Меланія апранута ў цёмны блэйзер і цёмныя штаны, а белая расшпіленая кашуля сведчыць пра рашучасць і энергічнасць. Мова цела Меланіі Трамп на афіцыйных фотаздымках першай лэдзі дзіўна нагадвае мову цела Клэр Андэрвуд з паспяховага палітычнага серыяла «Картачны домік». Клэр <…> сімвалізуе вобраз сучаснай жанчыны, здольнай заявіць пра сябе ў такіх традыцыйна мужчынскіх сферах, як палітыка і бізнес, дзякуючы сіле волі, амбіцыям, халоднай рацыянальнасці і стратэгічнаму мысленню — якасцям, якія таксама прыпісваюць Меланіі.
Пераўтварэнне Меланіі становіцца ўсё больш відавочным: падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа былая топ-мадэль старалася працаваць на заднім плане. Часам здавалася, што яна свядома імкнецца пазбягаць блізкасці з мужам. З пачаткам другога прэзідэнцкага тэрміну першая лэдзі з'яўляецца на публіцы спакойнай і ўпэўненай у сабе. Здаецца, яна цалкам прыняла сваю ролю і, магчыма, выношвае значна больш маштабныя планы…»
Сённяшні фотаздымак рэзка адрозніваецца ад партрэта першай лэдзі ў 2017 годзе, на якім яна выглядае амаль сарамлівай. На думку Хайнена, гэта падкрэслівае павышаныя амбіцыі пераўтворанай Меланіі.