БЕЛ Ł РУС

У Віцебску будуць будаваць аквапарк

29.01.2025 / 17:53

Nashaniva.com

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў паведаміў, што на месцы былых плошчаў завода «Віцязь» ужо пачаліся дэмантажныя работы, а пасля там з'явіцца не проста аквапарк, а цэлы комплекс з гатэлем і трэнажорнай залай.

Фота ілюстрацыйнае

«У нас з'явіўся інвестар. З ім правялі сустрэчу, вызначылі аб'ёмы, тэрміны. Створаныя ўсе ўмовы для рэалізацыі гэтага праекта. Ужо ідзе рэканструкцыя будынка. Думаю, па заканчэнні наступнага года ўжо будуць бачныя пэўныя вынікі», — сказаў старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў.

У якасці тэрміну рэалізацыі задуманага пазначаны перыяд каля двух гадоў.

Пляцоўку пад аб'ект ужо вызначылі — горкі і басейны размесцяцца побач з паркам 1000-годдзя Віцебска, на былой тэрыторыі завода «Віцязь».

Пра магчымасць з'яўлення аб'екта ў Віцебску загаварылі яшчэ восенню мінулага года. Тады стала вядома, што для рэалізацыі праекта інвестары выкупілі два вытворчыя карпусы завода і пачалі праводзіць дэмантаж.

Калі планы мясцовых уладаў здзейсняцца, то Віцебск стане трэцім абласным цэнтрам пасля Мінска і Гродна, у якім пабудуюць аквапарк.

Акрамя таго, у Беларусі такія аб'екты ёсць цяпер таксама ў Жлобіне, Маладзечне, Кобрыне, Пружанах і аграгарадку Азёры пад Гроднам.

Чытайце таксама:

У Мінску святар асвяціў аквапарк з 10-метровага трампліна

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА

«Не чапайце, яны з сям'ёй адпачываць прыйшлі». Мінчанка сустрэла ў аквапарку «Лебядзіны» зграю тараканаў

Каментары да артыкула