У Лідзе вызначыліся, як будзе выглядаць помнік паэту Валянціну Таўлаю ФОТА
Напрыканцы мінулага года стала вядома, што ў Лідзе з’явіцца помнік беларускаму паэту Валянціну Таўлаю. Цяпер стала вядома, як ён будзе выглядаць. Пра гэта паведамілі ў афіцыйным тэлеграм-канале старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага.
Праект скульптара Сяргея Логвіна, якому аддалі перавагу
З васьмі эскізных праектаў перавагу аддалі таму, які стварыў скульптар Сяргей Логвін. Па задумцы аўтара, Валянцін Таўлай трымае ў руках газету «Уперад», папярэдніцу цяперашняй раённай «Лідскай газеты». Праўда, гэты праект яшчэ павінна разгледзець рэспубліканская мастацка-экспертная рада па манументальным мастацтве.
Усе восем праектаў помніка, выстаўленыя на конкурс
Чакаецца, што помнік зробяць з бронзы, а стаяць ён будзе ў паркавай зоне на скрыжаванні лідскіх вуліц Таўлая і Качана
Адкрыццё помніка запланаванае на 7 верасня 2025 года ў Дзень беларускай пісьменнасці, які сёлета будзе прымаць акурат Ліда.
Валянцін Таўлай нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне.
Пачатковую адукацыю Валянцін атрымаў у польскай школе ў Лідзе, а ў 1927-1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Сімпатызаваў камуністам, праводзіў падпольную дзейнасць, за што неаднаразова знявольваўся. Апошні раз быў асуджаны на 8 гадоў турмы.
У 1939 годзе, пасля выхаду з турмы пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкіх войскаў, пасяліўся ў Ліду, дзе жыў у доме Кіры Брант, сваёй першай жонкі, працуючы ў рэдакцыі раённай газеты «Уперад». У гэты перыяд займаўся творчай працай, рыхтаваў да друку вершы для свайго зборніка «Шляхі і краты».
Пасля вайны Валянцін Таўлай перабраўся ў Мінск, дзе ў 1945 — 1947 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Памёр 27 красавіка 1947 года ад хваробы сэрца ва ўзросце 33 гадоў.
Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.
Ягоным імем названыя вуліцы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе і Маладзечне, бібліятэкі ў Баранавічах і Лідзе. У 2014 годзе да 100-годдзя паэта «Белпоштай» быў выпушчаны адмысловы канверт, а ў Лідзе адкрытыя дзьве памятныя шыльды на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» («Уперад»), у якой ён працаваў, і на доме, у якім ён жыў у 1939—1941 гадах.
Чытайце таксама:
У Лідзе з’явіцца помнік паэту Валянціну Таўлаю
Навукоўцы расказалі пра складанасці і правакацыі пры рэстаўрацыі найстарэйшага храма Беларусі