БЕЛ Ł РУС

Жыхара Магілёва, які адбіваўся ад губазікаўцаў у цывільным, будуць судзіць па расстрэльным артыкуле

31.01.2025 / 6:0

Nashaniva.com

62-гадовы Аляксандр Кандрычын абвінавачваецца ў замаху на забойства, гвалце ў адносінах міліцыянера і ў незаконным абароце зброі.

Аляксандр Кандрычын. Фота з ягонай старонкі Укантакце (архіўная копія)

У Магілёўскім абласным судзе 11 лютага 2025 года пачнецца працэс над 62-гадовым жыхаром Магілёва Аляксандрам Кандрычыным. Суд будзе закрыты.

Кандрычын — той самы магілёвец, які 23 верасня 2024 года адбіваўся з нажом ад губазікаўцаў, апранутых у цывільнае.

Па версіі міліцыі, да яго падышлі «для прафілактычнай размовы» — хоць па заканадаўстве пасярод вуліцы не можа адбывацца падобных юрыдычных дзеянняў. Магчыма, яго спрабавалі затрымаць. Што адбывалася далей, не да канца зразумела. Па версіі міліцыі, Кандрычын дастаў нож і стаў адбівацца: «не менш за два [ўдары аднаму губазікаўцу] і пяць удараў [другому], у тым ліку ў вобласць грудной клеткі» Сцвярджалася, што адзін з іх нібыта трапіў у рэанімацыю.

У кішэні мужчыны знайшлі самаробны пісталет, але незразумела, ці ён быў зараджаны. Кандрычын на міліцэйскім відэа казаў, што не памятае гэта.

Аляксандр Кандрычын. Скрыншот міліцэйскага відэа.

У міліцэйскім роліку таксама паказалі кадры з ператрусу з дома магілёўца. Былі відаць розныя нажы, частка з якіх кухонныя, а таксама кнігі — адна пра манеты, другая пра выбуховыя рэчывы. Апроч таго, узгадвалася, што ў мужчыны былі кнігі па псіхалогіі і «экстрэмісцкая літаратура» — магчыма, гаворка пра перадвыбарчы плакат Святланы Ціханоўскай.

У выніку Кандрычыну выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

Чаму на магілёўца завялі справу за забойства, хоць ён нікога не забіў? Логіка пракуратуры ў тым, што ён нібыта здзейсніў замах на забойства (бо нанёс удар у жыццёва важны орган), але не давёў задуму да канца па незалежных ад сябе абставінах — бо на яго наваліліся і забралі нож. Таму фармальна яму пагражае такое самое пакаранне, як і за жорсткае забойства — аж да пажыццёвага зняволення ці расстрэлу.

Суддзя — Васіль Галкоўскі. Да 2024 года ён працаваў у судзе Бабруйска, а пасля пайшоў на павышэнне ў Магілёўскі абласны суд.

Чытайце таксама:

«Гэта доктар ад Бога». За палітыку судзяць дзіцячага анколага з 23-гадовым стажам

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі

38-гадовага вайсковага лётчыка судзяць за абразу Лукашэнкі

Каментары да артыкула