БЕЛ Ł РУС

«Знайшоў некалькі гранітных камянёў і нару дзіка». Як ужо два тыдні сотні людзей шукаюць метэарыт пад Мінскам

1.02.2025 / 22:41

Nashaniva.com

Ужо амаль два тыдні пад Смалявічамі шукаюць фрагменты метэарыта, які ўпаў на каталіцкія Каляды. Devby.io пачытаў спецыяльна створаны тэлеграм-чат, дзе сабраліся энтузіясты, якія ўдзельнічаюць у пошуках, каб з першых рук даведацца, як прасоўваюцца пошукі метэарыта, які можа стаць сёмым выяўленым на тэрыторыі Беларусі.

25 снежня ў небе над Мінскам камеры беларускай метэарытнай сеткі зафіксавалі супербалід — успышка ад яго па сваёй яркасці нагадвала поўны месяц.

Супербалід праляцеў над сталіцай і, раскрышыўшыся, упаў у выглядзе метэарытаў дзесьці ў раёне Смалявіч — пад «падазрэннем» апынуліся вёскі Рабы Слуп, Прысынак, Калюга і Высокія Ляды.

Калі сышоў снег, загадчык Мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч кінуў кліч — давай усе на пошукі дзеля беларускай навукі. Так у телеграм-чаце і з'явіліся людзі — цяпер там 500+ падпісчыкаў.

«Умовы для нашых шырот ідэальныя: снег цалкам сышоў»

Першыя паведамленні з'яўляюцца ў чаце 18 студзеня: карыстальнікі збіраюцца на выезд, прызначаны на наступны дзень, і дзеляцца парадамі — што браць, што не браць.

Напрыклад, боты гумовыя — адназначна «так», магніты — пажадана, але не абавязкова, таму што «свежае падзенне шукаюць вачыма, і адрозніць метэарыты можа любы чалавек, папярэдне паглядзеўшы на фота ўзораў» — растлумачаць потым у чаце.

Адмін чата Аляксандр дае ўстаноўку: «Галоўнае — знайсці першы ўзор». Гэта важна для ўдакладнення фактычнай, а не тэарэтычнай карты роскіду, тлумачыць ён.

Дарэчы, разлік поля роскіду па даных траекторыі метэора, пададзеных беларусамі, зрабілі навукоўцы з Чэшскай акадэміі навук па чале з прафесарам Іржы Баравічкам.

«Гэта вельмі вядомыя спецыялісты ў сваёй галіне, якія займаюцца падобнымі разлікамі ўжо не адзін дзясятак гадоў», — удакладняе Аляксандр.

19 студзеня пачынаецца з «пераклічкі»: хтосьці прыбыў на месца збору, хтосьці яшчэ едзе.

«Ці можаце пабегаць па палях вакол пункту збору — шанцы нешта знайсці проста там ёсць», — адпісваецца адмін.

Да вечара ён жа публікуе справаздачу: пашукалі плённа, прайшлі каля 13 км па палях — і ўсё гэта кампаніяй з васьмі ўдзельнікаў пошукаў.

«Умовы, можна сказаць, для нашых шырот сёння былі ідэальныя: снег цалкам сышоў, і такога сонейка ў Беларусі мы даўно не бачылі. На наступным тыдні па прагнозе яшчэ добрае надвор'е — можна шукаць, пакуль снег не выпаў.

Палі ў выдатным стане для візуальнага «хуткага» пошуку — трохі гразкія, але не забалочаныя. Большая частка палёў засеяна азімымі, гэта відаць на фота/відэа. І такія палі трэба абыходзіць у першую чаргу, пакуль па вясне яны зусім не зараслі».

Далей эксперт піша, што на палях група знаходзіла граніты, магнетыты і крэмень — метэарытаў не было.

«На адным з разараных палёў у зоне 1 км сустракаліся ў вялікай колькасці чорныя напаўгнілыя буракі — здалёк яны вельмі падобныя на метэарыты».

«Большасць — не падобныя, пара-тройка ўзораў цікавыя»

Наступныя некалькі дзён у чаце пераклічка — хто яшчэ мог бы далучыцца да пошукаў, а таксама рэкамендацыі, як візуальна вызначыць метэарыт.

Так ён «можа мець чорную абвугленую скарынку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або карычневы іржава-буры колер. Метэарыт таксама павінен прыцягваць магніт і быць шчыльным, ня друзлым».

Хтосьці піша, што магутны магніт на пошукі браць не варта: ён паспрабаваў — «і не спадабалася. Сёння 20 хвілін быў падобны, назбіраў рознага — але наўрад ці касмічнага». А далей — некалькі фатаграфій камянёў.

Вердыкт ад Аляксандра:

«Большасць — не падобныя, пара-тройка ўзораў цікавыя. Пакуль не выкідайце, прыедзем на наступныя пошукі — паглядзім. І запамінайце месца знаходак, а раптам метэарыт».

Потым яшчэ некалькі камянёў ад розных карыстальнікаў — у асноўным знойдзеныя даўно. І, вядома, ніводзін з іх не метэарыт.

«Палявы» экспрэс-аналіз паказаў, што з верагоднасцю 95% гэта метэарыт»

Наступны выезд — 25 студзеня ў вёску Прысынак. Зноў у чаце навучанне: апранацца цяплей і мець з сабой дажджавікі/плашчы, абавязкова непрамакальныя боты — «кажуць, палі сталі яшчэ больш гразкія». Ну і магніты:

«У нашым выпадку метэарыт павінен быць каменным, хутчэй за ўсё, хандрыт. Такія каменныя метэарыты магніт прыцягвае значна слабей, чым жалязяку. Але з магутным неадымавым магнітам у руках дакладна можна адчуць, ды і простым магнітам таксама адчуваецца. Таму ўзбройваемся магнітамі!»

Хтосьці перажывае, што поле за вёскай нядаўна ўгнойвалі: «10-12 дзён таму працаваў трактар».

У 12:11 у чаце з'яўляецца відэа — чорна-буры камень прыстае да вялікага магніта. А следам паведамленне: «Палявы» экспрэс-аналіз паказаў, што з верагоднасцю 95% гэта метэарыт». А потым яшчэ адно: «Знойдзены другі фрагмент!» — і фота: у рэдкай траве ляжыць чорны камень.

«Трэба нешта прыдумаць, напрыклад, татальнае прачэсванне шарэнгай»

Пасля такой навіны ў чаце ажыўленне, хтосьці цікавіцца, як рэгулюецца абарот метэарытаў. Але з часам з'яўляюцца і такія паведамленні:

«Схадзіў я сёння на пошук або разведку, знайшоў толькі некалькі гранітных камянёў і нару дзіка. Што магу сказаць: шанец знайсці што-небудзь імкнецца да нуля. Чорны камень на чорным грунце, пакрытым бела-жоўтымі кукурузнымі цурпалкамі заўважыць практычна нерэальна. На рапсавым полі амаль такая ж гісторыя, але там трапляюцца пралысіны і грунт святлейшы.

І аб'ём работ па карце ўспрымаўся не так глабальна ў параўнанні з убачаным на месцы. Тут трэба нешта прыдумаць, напрыклад, татальнае прачэсванне шарэнгай з 500+ удзельнікаў чата».

А вось што піша іншы ўдзельнік чата:

«За два заходы натаптаў 20 км у розных лакацыях. Зусім палі сумныя. Не тое каб метэарытаў няма, але нават проста цікавых камянёў».

Чытайце таксама:

Метэарыт упаў у Мінскай вобласці. Ахвотныя могуць далучыцца да пошукаў

Валанцёры знайшлі некалькі аскепкаў метэарыта, што ўпаў на Каляды ў Беларусі

Месяц таму ў Мінскай вобласці ўпаў метэарыт. Сяргей Бесараб падазрае, што яго могуць вывезці ў Расію

Каментары да артыкула