«Беларускі сілавік» ізноў збрахаў. Гэтым разам — на мільёны
Прапагандысты сцвярджаюць, што USAID плаціла мільёны сусветным зоркам за наведванне Украіны. Што ж, праверылі гэтую інфармацыю.
Скрын паведамлення ў адным з паблікаў у тэлеграме
Няма ні дня, каб лукашэнкаўскія каналы не публікавалі грубых фэйкаў. Гэтым разам яны рашылі выкарыстаць хвалю ўвагі да дзейнасці Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).
«USAID плаціла галівудскім зоркам вялікія ганарары за тое, каб тыя прыязджалі ва Украіну. Па публікаваных даных, яны атрымалі: ван Дам — $1 500 000, Бэн Стылер — $ 4 000 000, Шон Пэн — $5 000 000, Арланда Блюм — $8 000 000, Анджаліна Джалі — $20 000 000», — паведамленні прыкладна такога зместу сталі распаўсюджвацца 5 лютага па розных пабліках у інтэрнэце. Іх распаўсюдзіў тэлеграм-канал «Беларускі сілавік».
Адметна, што на англійскай мове падобная інфармацыя апублікаваная толькі на сайце news-pravda.com, які рэсурс Media Bias/Fact Check ацэньвае як выданне з нізкім узроўнем фактычнай дакладнасці. Гэты сайт крытыкуецца за недастатковую праверку крыніц, распаўсюджванне дзяржаўнай прапаганды і тэорый змовы, а таксама публікацыю несапраўдных навін.
Аўтары тэксту спасылаюцца на інфармацыю «замежных СМІ», а канкрэтна вядомы амерыканскі партал навін E!News, які публікуе розныя цікавосткі пра знакамітасцяў. Прапагандысты пастараліся — у сацыяльных сетках распаўсюдзіліся здымкі зорак з пазначэннем памеру ганарару і лагатыпам партала.
Але кожны, хто наведае E!News, можа ўпэўніцца, што ніякай інфармацыі пра ганарары за паездкі ва Украіну галівудскіх зорак там няма, як няма яе і ў іншых сур'ёзных англамоўных інтэрнэт-выданнях.
Нагадаем, што ван Дам, Бэн Стылер, Шон Пэн і Анджаліна Джалі наведалі Украіну ў 2022 годзе. Прычым Шон Пэн быў там тройчы і нават атрымаў ад Уладзіміра Зяленскага ордэн за заслугі III ступені. Арланда Блюм здзейсніў свой візіт у 2023 годзе як пасол добрай волі ЮНІСЭФ. Бэн Стылер — як пасол добрай волі ААН.
Але спіс зорак, якія наведалі Украіну падчас вайны, нашмат большы. Чаму прапагандысты спыніліся толькі на пяці, невядома.
Чытайце таксама:
Па сеціве паляцела навіна пра атаку дронаў на Мазырскі НПЗ. Гэта фэйк
У інтэрнэце распаўсюджваецца фэйк пра гібель пад коламі аўто дзяўчыны з дзіцем
У Літве шырыцца фэйк, што тамтэйшая разведка рыхтуе ваенізаваныя групы беларусаў