БЕЛ Ł РУС

Старшыням райвыканкамаў дадуць права ўзгадняць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў

6.02.2025 / 16:49

Nashaniva.com

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты паведаміў пра гатоўнасць дакумента, які мае значна ўзмацніць паўнамоцтвы вертыкальшчыкаў на месцах. Дакумент можа быць падпісаны ўжо да 1 сакавіка.

Дзмітрый Круты. Фота: Wikimedia Commons

Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, старшыням райвыканкамаў будуць дадзеныя яшчэ больш шырокія паўнамоцтвы ў сферы кадраў.

«Старшыня райвыканкама будзе ўзгадняць кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў усіх міністэрстваў і ведамстваў (акрамя КДБ), кіраўнікоў ключавых арганізацый раёна ўсіх формаў уласнасці па пераліку, які зацвердзіць сам выканкам», — заявіў Дзмітрый Круты.

Праўда, ён паабяцаў, што ў такіх пераліках не будзе дробных устаноў кшталту кіраўніцтва цырульні або невялікай аптэкі.

«Гэта пералік кампаній, арганізацый, якія ёсць у раёне і якія сапраўды ўплываюць з пункту гледжання бюджэтных даходаў, інвестыцыйнай актыўнасці і занятасці насельніцтва. Сапраўды ключавыя суб'екты будуць узгадняцца з кіраўніком райвыканкама», — растлумачыў Круты.

Паводле яго слоў, цяпер стаіць пытанне ўдзелу арганізацый прыватнага сектара ў мерапрыемствах па ўпарадкаванні гарадоў. Для арганізацый, якія будуць выдзяляць рэсурсы на тыя ці іншыя аб'екты ўпарадкавання, будуць зробленыя падатковыя паслабленні.

Чытайце таксама:

Фрыдман: Патэнцыйна Галоўчанка можа быць для Лукашэнкі пагрозай

Чалы расказаў, чаму ставіў на Крутога і ў чым памылка Лукашэнкі

Лукашэнка заявіў пра ўзмацненне паўнамоцтваў мясцовай улады ў дачыненні да прыватнага сектара

Каментары да артыкула