БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Паўночнакарэйскія войскі вярнуліся на лінію фронту

8.02.2025 / 8:6

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у пятніцу, што паўночнакарэйскія войскі зноў з'явіліся на лініі фронту ў Курскай вобласці. Раней украінскія вайскоўцы паведамлялі, што не сутыкаліся з паўночнакарэйскімі падраздзяленнямі на працягу трох тыдняў, бо Расія адвяла іх з-за значных страт, паведамляе «Голас Амерыкі».

Фота: Russian Defense Ministry Press Service photo via AP, File

«У раёнах Курскай аперацыі адбыліся новыя штурмы. Расійская армія зноў прыцягнула паўночнакарэйскіх салдат», — сказаў Зяленскі ў сваім вячэрнім звароце.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што «значная колькасць» варожых салдат была «знішчана».

«Гаворка ідзе пра сотні расійскіх і паўночнакарэйскіх вайскоўцаў», — дадаў ён.

Паводле даных паўднёвакарэйскай і заходняй разведак, больш за 10 000 паўночнакарэйскіх салдат былі накіраваны ў Расію ў мінулым годзе.

Паўночнакарэйскі кантынгент, афіцыйна не пацверджаны ні Масквой, ні Пхеньянам, павінен быў узмацніць расійскую армію і дапамагчы ёй выбіць украінскія войскі з Курскай вобласці. Аднак, па стане на люты, Украіна ўсё яшчэ ўтрымлівае частку прыгранічнай расійскай тэрыторыі.

У той жа час дзеянні Узброеных сіл Украіны на тэрыторыі Расіі не змаглі стрымаць прасоўванне расійскіх войскаў на ўсходзе Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула