БЕЛ Ł РУС

Малдова назвала чатыры ўмовы па газе для Прыднястроўя

10.02.2025 / 12:7

Nashaniva.com

Прыднястроўе адмовілася ад дапамогі ЕC, цяпер непрызнаная рэспубліка атрымае паліва ад Венгрыі. Малдова дазволіць транзіт, але Ціраспаль у абмен выпусціць палітвязняў, дэмантуе КПП, выканае ўмовы ў дачыненні да тэлеканала і школы.

Улады непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (ПМР) адмовіліся ад дапамогі Еўрасаюза на €60 млн для паставак газу сваім жыхарам, паведаміў малдаўскі прэм'ер Дорын Рэчан у Facebooк.

«Расія не дазваляе ім прымаць еўрапейскую дапамогу, баючыся страціць кантроль над рэгіёнам. Асноўнай умовай, адрынутай Ціраспалем, стала паступовае павышэнне тарыфаў для спажыўцоў. Таму яны не могуць атрымаць грошы з еўрапейскай дапамогі ў €60 млн», — напісаў Рэчан.

Газ паступіць у непрызнаную рэспубліку па іншай схеме: венгерскі трэйдар MET Gas and Energy Marketing заплаціць дубайскай JNX General Trading і даставіць газ да мяжы з Малдовай. Прыднястроўе аплаціць транзітныя выдаткі ад дзяржмяжы да тэрыторыі рэгіёну.

Улады Малдовы дазволяць транзіт, а Прыднястроўе для гэтага «распачне шэраг дзеянняў для дэманстрацыі адкрытасці», напісаў малдоўскі прэм'ер: вызваліць палітвязняў, вырашыць праблему з сярэдняй школай у Рыбніцы, захавае ў сетцы вяшчання грамадскае малдаўскае тэлебачанне, дэмантуе ўстаноўленыя ў 2022-м кантрольна-прапускныя пункты.

«Рашэнне, абранае ціраспальскім рэжымам, азначае, што жыхары Прыднястроўя працягнуць жыць у стане непрадказальнасці і перажываць за газазабеспячэнне. Гэта рашэнне, якое не вырашае праблему ў доўгатэрміновай перспектыве. Аднак мы не будзем блакаваць дастаўку газу і не дамо змерзнуць левабярэжным», — падкрэсліў малдоўскі прэм'ер.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула