БЕЛ Ł РУС

Мінус $1,3 мільярда cклала сальда замежнага гандлю ў 2024

11.02.2025 / 10:56

Nashaniva.com

Абарот знешняга гандлю Беларусі таварамі і паслугамі ў 2024 годзе перавысіў $100 млрд і вырас на 5,1% у параўнанні з папярэднім годам. Аднак сальда, якое было станоўчым у 2023-м, цяпер сышло ў глыбокі мінус, паведамляе Office Life cа спасылкай на Нацбанк.

Экспарт тавараў і паслуг за мінулы год склаў каля $49,4 млрд, а імпарт — амаль $50,7 млрд. Паводле папярэдніх даных Нацбанка, сальда знешняга гандлю ў выніку склала амаль мінус $1,309 млрд. У 2023 годзе яно было станоўчым і дасягнула $246,4 млн.

Асноўны ўнёсак у разрыў паміж экспартам і імпартам зрабіў гандаль таварамі. Раней Белстат паведамляў, што адмоўнае сальда па тавараабароце за год склала мінус $5,37 млрд. Паводле даных Нацбанка, гэтая лічба крыху ніжэйшая (мінус $4,7 млрд), але гэта толькі папярэдняя ацэнка.

Па паслугах традыцыйна сальда знешняга гандлю ў Беларусі засталося станоўчым — каля $3,4 млрд, што прыкладна на $0,6 млрд больш, чым у 2023 годзе. Аднак з-за вялікага разрыву ў гандлі таварамі гэтага аказалася недастаткова, каб агульнае сальда знешняга гандлю выйшла ў плюс.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула