Украінцы праводзяць паспяховыя контратакі на Пакроўскім напрамку
11.02.2025 / 20:39
«Перамога УСУ ў гэтай бітве не абрыне фронт і не зменіць траекторыю баявых дзеянняў, але аператыўна-тактычны поспех падыме настрой саюзнікам і ўзмацніць перамоўныя пазіцыі Кіева» — пішуць расійскія ваенкары.
Крыніца: pandoras_box_ua / telegram
У апошнія дні ўкраінскія сілы пачалі лакальныя контратакі па ўсёй лініі фронту. Па інфармацыі расійскіх вайсковых экспертаў, вельмі складанай выглядае сітуацыя на Пакроўскім напрамку, дзе раней у выніку паспяховага наступлення расійскіх войскаў утварыўся істотны выступ у раёне Пясчанага.
Украінскае камандаванне ў апошнія дні атакуе расійскія пазіцыі каля гэтага населенага пункта і мае тактычныя поспехі. Для расійскага боку страта гэтага населенага пункта будзе вельмі балючай, паколькі пад пагрозай акажацца становішча расійскіх падраздзяленняў у раёне Котліна і Удачнага.
Телеграм-канал Z-прапагандыста Юрыя Падалякі паведамляе, што на Пакроўскім напрамку «сустрэчны бой набірае абароты». УСУ кожны дзень «кідае групы на брані» ў раён Пясчанага, страта якога «будзе вялікай стратай».
«Між тым, у раёне Котліна нашы часці адышлі з апорнікаў на поўнач і на ўсход ад сяла, засяродзіўшыся на абароне ўласна населенага пункта», — дадае Падаляка.
«На жаль, па Пясчаным пацвярджаецца. Я спадзяваўся, што гэта мінулая атака была, пытаўся ў хлопцаў яшчэ ўчора раніцай, на той момант папярэдняя контратака была адбітая. Але чакалі накату. Хахлы зноў паперлі. Там зараз усё ўперамешку, замес канкрэтны, і пішуць — хахлоў дах**[вельмі шмат]», — дзеліцца іншы Z-ваенкар.
«Перамога УСУ ў гэтай бітве не абрыне фронт і не зменіць траекторыю баявых дзеянняў, але аператыўна-тактычны поспех падыме настрой саюзнікам і ўзмацніць перамоўныя пазіцыі Кіева», — піша іншы расійскі паблік.
Паралельна УСУ праяўляюць павышаную актыўнасць у раёне населенага пункта Дачэнскае. Расійскія ваенкары мяркуюць, што УСУ ў найбліжэйшыя дні паспрабуе змяніць сітуацыю на флангах Пакроўска на сваю карысць, адкінуўшы расійскія войскі.
«Магчыма, камандаванне УСУ паспрабуе ўкласці ўсю сілу свайго контрудара па паўночнай частцы «пакроўскай дугі», — прагназуе Падаляка.
У той жа час прэс-сакратар аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хорціцкая» маёр Віктар Трагубаў вельмі асцярожны ў ацэнках: «Так, на Пакроўскім напрамку ёсць прыклады паспяховых контратак. Так, там ёсць прыклады асобных спроб зачапіцца за тыя ці іншыя населеныя пункты. І так: там ёсць пастаянны бой, таму казаць пра тое, што там нешта стабільнае… А праз некалькі гадзін усё зменіцца. Таму мы гаворым: ідуць баі. Мы тут асцярожныя».
Чытайце таксама:
Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым
Расійскія войскі стараюцца абысці і акружыць Пакроўск на Данбасе
Расіяне запусцілі ў сетцы відэа з адсечанай галавой украінскага вайскоўца