БЕЛ Ł РУС

Амерыканец, які штурмаваў Капітолій і якога памілаваў Трамп, адкрыў у Брэсце рэстаран

12.02.2025 / 13:13

Nashaniva.com

Уладальнік закусачнай называе сябе Эванам Джэферсанам, хоць насамрэч яго клічуць Эван Ньюман, а яшчэ нядаўна ён быў у вышуку ФБР, піша BGmedia. 

У Брэсце адкрылася «першая амерыканская закусачная» пад назвай «Route 66». Валодае ёй амерыканец Эван Ньюман. Некаторыя жыхары горада знаёмыя з ім асабіста, бо ён выкладае англійскую мову ў школе My Baby. Мужчына ўдзельнічаў у штурме Капітолія ў студзені 2021 года, быў аб'яўлены ў вышук ФБР, уцёк з ЗША і атрымаў палітычны прытулак у Беларусі.

Установа называецца «Route 66» і знаходзіцца на праспекце Машэрава.

«Скажу па сакрэце, гатуе сам гаспадар-амерыканец у каўбойскім капелюшы. Таму будзе вельмі горача і смачна», — кажа ў аглядзе на «першую амерыканскую закусачную» праўладны фуд-блогер Уладзіслаў Альшэўскі.

У меню закусачнай — класічная амерыканская кухня: бургеры, сэндвічы, стэйкі, гарніры, супы, салаты і дэсерты. Па словах блогера, цэны «дэмакратычныя».

Альшэўскі запісаў кароткае інтэрв'ю з уладальнікам закусачнай Эванам Ньюманам. Той распавёў, што родам з Каліфорніі, а цяпер жыве ў Брэсце і выкладае англійскую мову ў My Baby.

Падобна, амерыканец змяніў працу, бо ў траўні 2023 года выданне «Новы Час» пісала, што Эван Ньюман працуе ў прыватнай школе замежных моў International Language House і па выходных выкладае англійскую падлеткам.

Дарэчы, на старонцы ўстановы «Route 66» у Instagram Эван Ньюман назваў сябе Эванам Джэферсанам. Крыніца «Новага Часу» казала, што ў Брэсце Эван Ньюман таксама прадстаўляецца пры знаёмстве як Стывен.

Эван Ньюман у сваёй установе. Фота са старонкі ў Instagram

Хто такі Эван Ньюман і чаму ўцёк з ЗША

Эван Ньюман трапіў у Беларусь праз Украіну ў верасні 2021 года. Да нядаўняга часу ў ЗША яго шукалі як актыўнага ўдзельніка штурму Капітолія, які ў студзені таго ж года зрабілі прыхільнікі Дональда Трампа.

Амерыканцу выставілі абвінавачанне ў 14 злачынствах, у тым ліку «напад, супраціў або перашкода афіцэрам». Паводле абвінавачання, Ньюман на працягу дня напаў на чатырох паліцыянтаў, ужыўшы кулакі, а таксама схапіў металічную агароджу і пратараніў ёю шэраг паліцыянтаў.

Эван Ньюман падчас штурму Капітолія. Скрыншот відэа

Эван Ньюман знаходзіўся ў вышуку ФБР да 22 студзеня 2025 года. На сайце ФБР пазначана, што ён біўся з паліцыяй Капітолія ЗША і супрацоўнікамі гарадскога ўпраўлення паліцыі Вашынгтона, «яго трэба лічыць узброеным і небяспечным».

22 сакавіка 2022 года стала вядома, што Эван Ньюман атрымаў палітычны прытулак у Беларусі. Дакумент са статусам бежанца яму ўручылі ва Упраўленні па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама.

У дзень інаўгурацыі новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сваім указам памілаваў удзельнікаў штурму Капітолія. Цяпер Эван Ньюман мае магчымасць вярнуцца на радзіму да сваіх родных.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула