БЕЛ Ł РУС

Расія пачала купляць Coca-Cola ў Талібана

12.02.2025 / 18:32

Nashaniva.com

Вытворца папулярнай газіроўкі пайшоў з Расіі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Але Coca-Cola вяртаецца на прылаўкі крам.

Фота: Jakub Porzycki / NurPhoto via Getty Images

Расія пачала закупляць напоі Coca-Cola, Fanta і Sprite, а таксама энэргетыкі ў рэжыму талібаў у Афганістане. 

Пасол Расіі ў Кабуле Дзмітрый Жырноў расказаў пра эканамічнае супрацоўніцтва з Талібанам.

«Расія купляе афганскія спецыі, газаваныя і энэргетычныя напоі, лекавыя травы — лаванду, чабор, салодку. Ну і казаны, вядома, для плову», — расказаў Жырноў РІА «Новости».

Галоўнымі артыкуламі экспарту Афганістана ў Расію з'яўляюцца сухафрукты і разынкі. Талібы таксама наладзілі вываз у Расію хромавых рудаў і канцэнтратаў, мінералаў, рубінаў і ізумрудаў. Паводле слоў пасла, гэта шостая частка імпарту.

На расійскіх маркетплэйсах ужо можна знайсці арыгінальную прадукцыю Coca-Cola з Афганістана. Першы завод Coca-Cola ў краіне пачаў працаваць яшчэ ў 2006 годзе. Яго адкрыў экс-прэзідэнт Афганістана Хамід Карзай. Прадпрыемствам, на якім выраблялася да 120 млн бутэлек газаваных напояў у год, валодала мясцовая кампанія Habib Gulzar Non-Alcoholic Beverages Ltd.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны The Coca-Cola Company згарнула бізнэс у Расіі і прыпыніла продаж сваёй прадукцыі ў краіне. Расійскае падраздзяленне змяніла назву і запусціла вытворчасць напою «Добрый Cola». Яго рэцэптура і смак адрозніваюцца ад арыгінала.

Талібан, які захапіў уладу ў Афганістане пасля сыходу адтуль амерыканскіх войскаў у 2021 годзе, у Расіі дагэтуль лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй. Пры гэтым Крэмль нарошчвае супрацоўніцтва з рэжымам талібаў.

Чытайце таксама:

Талібы загадалі дыпламатам Афганістана ў ААН адгадаваць бароды

У Афганістане забаранілі ставіць вокны ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца жанчынамі

Па $200 тысяч за кожнага забітага амерыканца. Як расійская разведка плаціла талібам за тэракты

Каментары да артыкула