БЕЛ Ł РУС

Мукавозчык: Бондарава задрала ўжо

12.02.2025 / 18:32

Nashaniva.com

Прапагандыст з «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык у сваім тэлеграм-канале раскрытыкаваў даносчыцу Вольгу Бондараву. Кажа, што яе дзейнасць непатрэбна Беларусі.

Вольга Бондарава

«У паводзінах трамвайнага хама таксама ж, калі пашукаць, можна выявіць «зерне ісціны». Але лепш яго спачатку вывесці з транспарту і … — і ўсё. Няма сэнсу з хамам або скандалісткай мець справу», — напісаў ён.

У вялікім допісе з крытыкай Бондаравай Мукавозчык называе яе «иноагентом», якога не любіць амаль так жа, як і беларускіх апазіцыянераў.

Трыгерам для Мукавозчыка стала пазіцыя Бондаравай адносна расійскага бізнэсмена з Яшкар-Алы. Пра яго ў канале прарасійскай актывісткі з'явіліся чатыры допісы, тры з іх — ад расійскага палітыка Рамана Юнемана.

«Гэта значыць, Бондарава з аднолькавай гатоўнасцю кідаецца вучыць правільна жыць не толькі Беларусь, але і Марый Эл (рэспубліка ў складзе РФ — НН.). Яно-то пахвальна, вось толькі падаткі з гэтай дзейнасці, упэўнены, не плацяцца».

Мукавозчык лічыць, што дзейнасць даносчыцы з яе нападкамі на беларускую мову і «экстрэмізмам назваў» нельга лічыць карыснымі для Беларусі.

«Таму далучуся да тых, хто ўжо гэта сказаў: задрала ўжо, прабачце», — скончыў ён.

Андрэй Мукавозчык — прапагандыст з дзяржаўнага выдання «СБ. Беларусь сегодня», які праславіўся сваімі абразлівымі калонкамі на тэму беларускай апазіцыі. У студзені ён заклікаў творчую інтэлігенцыю публічна падтрымліваць рэпрэсіі.

Супраць Бондаравай ён выступае не ўпершыню — у сакавіку мінулага года ён рэзка раскрытыкаваў яе з паплечнікамі падчас выступлення на міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час», праведзеным праўладнымі літаратарамі ў Нацыянальнай бібліятэцы напярэдадні штогадовага кніжнага кірмаша ў Мінску.

Чытайце таксама:

Апошняе месца працы даносчыцы Бондаравай — кругласутачная саўна. Але пасада невядомая

Саўна, у якую ўзялі на працу Бондараву, няпростая. Ёй кіруе серыйны даносчык-камуніст

550 рублёў за адзін артыкул. Колькі прапагандысты ў СБ зарабілі на ачарненні Бяляцкага, Дашкевіча і Золатавай

«Павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах». Мукавозчык заклікаў творчую інтэлігенцыю публічна падтрымліваць рэпрэсіі

«Страшна тое, што яны робяць у рамках Саюзнай дзяржавы». Супраць Бондаравай і яе каманды выступіў нават Мукавозчык

Каментары да артыкула