БЕЛ Ł РУС

Міністр Іван Кубракоў і дарадца міністра абароны Украіны Аляксандр Кубракоў — сваякі? Не, фэйк

13.02.2025 / 10:50

Nashaniva.com

У медыя і сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў нібыта даводзіцца родным дзядзькам украінскаму палітыку Аляксандру Кубракову. Гэтая гісторыя шырока разышлася ў беларускіх выданнях, аднак выглядае, што яна беспадстаўная. Радыё Свабода разабралася, адкуль узялася гэтая навіна, а таксама сабрала факты і дакументы, якія яе абвяргаюць.

Іван Кубракоў (злева), Аляксандр Кубракоў (справа)

Хто такі Аляксандр Кубракоў?

Аляксандр Кубракоў нарадзіўся 20 жніўня 1982 года ў Першатравенску (цяпер Шахтарскае) Днепрапятроўскай вобласці Украіны. Да 2019 года працаваў у сферы маркетынгу і IT, пасля быў абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады ад партыі «Слуга народа». Пазней ён заняў пасаду кіраўніка «Укравтодора», а ў 2021 годзе стаў міністрам інфраструктуры Украіны. У 2022 годзе ён увайшоў у склад стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Украіны, а пасля быў прызначаны віцэ-прэм’ер-міністрам у пытаннях аднаўлення краіны. З 7 студзеня 2025 года займае пасаду дарадцы міністра абароны Украіны.

Хто такі Іван Кубракоў?

Іван Кубракоў нарадзіўся 5 траўня 1975 года ў вёсцы Малінаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. З 1995 года працаваў у міліцыі, займаў розныя пасады ў Заслаўі, Віцебску і Мінску. У 2018 годзе атрымаў званне генерал-маёра і ўзначаліў сталічную міліцыю. З 29 кастрычніка 2020 года займае пасаду міністра ўнутраных спраў Беларусі.

Кіраваў разгонам пратэстаў 2020 года, пасля чаго трапіў пад санкцыі ЕС, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады.

Фэйк, які выйшаў за межы Украіны

Першае паведамленне пра сваяцтва Івана і Аляксандра Кубраковых з'явілася 1 снежня 2020 году ва ўкраінскіх выданнях, вядомых публікацыямі неправеранай інфармацыі, — «Політрада» і «Знай.UA». «Політрада» спаслалася на «ўласныя крыніцы», якіх не канкрэтызавала, а «Знай.UA» падало як доказ матэрыялы «Нашай Нівы» і «Зеркала», у якіх была згаданая толькі біяграфія Івана Кубракова.

Гэтае сваяцтва ўкраінскія выданні абгрунтавалі супадзеннем імёнаў родзічаў — Кубракова Мікалая Уладзіміравіча. Так завуць і бацьку ўкраінскага палітыка, і брата беларускага міністра. Яны поўныя цёзкі. За межы ўкраінскіх медыя гэтая інфармацыя ў 2020-м не выйшла, але яе падхапілі беларускія выданні і публікуюць час ад часу дагэтуль.

Сапраўды, брата беларускага міністра Івана Кубракова завуць Кубракоў Мікалай Уладзіміравіч. Так жа завуць і бацьку дарадцы ўкраінскага міністра абароны Аляксандра Кубракова. Але, як паказалі сабраныя Свабодай дакументы, гэта два розныя чалавекі.

Беларусь: Мікалай Кубракоў, брат беларускага міністра ўнутраных справаў

У 2015 годзе ў раённай дзяржаўнай газеце «Голас Касцюкоўшчыны» было апублікаванае інтэрв'ю з маці цяперашняга беларускага міністра Івана Кубракова — Ганнай Кубраковай. Яна 1937 года нараджэння, з вёскі Маліноўка Касцюковіцкага раёна. У артыкуле называюцца імёны ўсіх яе 5 сыноў, а таксама даты іх нараджэння.

«У 1960 годзе нарадзіўся Мікалай, 1961 — Міхаіл, 1964 — Віктар, 1969 — Сяргей, 1975 — Іван. […] Усе яны маюць свае сем’і, жывуць у Мінску, працуюць», — пісала газета «Голас Касцюкоўшчыны» з словаў маці Івана Кубракова.

Браты Кубраковы. Здымак з артыкула газеты «Голас Касцюкоўшчыны». Фота апублікаванае ў 2015 годзе

Тое ж самае расказвала і цётка Івана Кубракова па бацьку Валянціна Кубракова ў 2020 годзе, калі да яе прыязджалі журналісты TUT.BY. З яе словаў, усе пяцёра братоў правялі дзяцінства на вёсцы. Паступова, адзін за адным, яны пераехалі ў Мінск.

«Іван Кубракоў — наймалодшы з пяці братоў. Ён апошнім з іх з'ехаў у Мінск, але пабудаваў самую паспяховую кар’еру. Старэйшы брат Мікалай выехаў у Мінск першым і таксама працаваў у міліцыі, пайшоў на пенсію па выслузе гадоў, але працягвае працаваць у цывільным сектары. Міхаіл — кіроўца «ў нейкага начальніка», Віктар таксама кіроўца ў нейкай арганізацыі, кажа Валянціна Мацвееўна. Маці новага міністра ўнутраных справаў памерла ў сакавіку 2020 года, кажа Валянціна Кубракова. Ёй было больш за 80 гадоў. Бацька памёр даўно і даволі рана — у 58 гадоў: сардэчны прыступ».

Браты Кубраковы (стаяць) у рэстаране «Дубрава» ў Касцюковічах. У жоўтай кашулі Іван Кубракоў. Фота апублікаванае ў 2011 годзе

Пра тое, што нехта з дзяцей нібыта пераехаў ва Украіну, жанчыны не ўзгадвалі.

Але менавіта старэйшага брата міністра Івана Кубракова — Мікалая Кубракова — некаторыя медыя звязалі з яго ўкраінскім цёзкам.

Два браты Кубраковы (у кашулях) у рэстаране «Дубрава» ў Касцюковічах разам з родзічамі. Фота апублікаванае ў 2018 годзе

Як паведамілі Свабодзе «Кіберпартызаны», ва ўзламанай імі базе звестак МУС Беларусі ёсць дасье на маці Івана Кубракова Ганну. Але няма ніякіх звестак пра яе дзяцей, акрамя аднаго — Івана. Мужам пазначаны Кубракоў Уладзімір Цімафеевіч, 1934 года нараджэння, без аніякіх падрабязнасцяў.

Радыё Свабода знайшла ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» чалавека з імем Мікалай Кубракоў. Годам нараджэння ў яго пазначаны 1960-ы, што супадае з годам, названым у артыкуле «Голасу Касцюкоўшчыны». Фатаздымку на старонцы няма. У сябрах у яго ў асноўным людзі за Дзяржынска і Станькава, гэта побач з Мінскам. Частка з іх былыя вайскоўцы, сілавікі, людзі прарасійскіх поглядаў. Таксама тут жа адзін сябар з Касцюковічаў — Віктар Глушакоў. У апошняга на старонцы ёсць фатаздымкі з братамі Кубраковымі, зробленыя ў Касцюковічах.

Браты Кубраковы разам з аднавяскоўцамі братамі Глушаковымі ў роднай вёсцы Маліноўка Касцюковіцкага раёна. Трэці злева — цяперашні міністр унутраных справаў Іван Кубракоў. Здымак апублікаваны 29 мая 2024 года

У тым жа артыкуле газеты «Голас Касцюкоўшчыны» ў 2015 годзе ёсць і каментар самога Мікалая Кубракова. Для гэтага, як сцвярджаецца, журналісты пазванілі яму «ў Мінск»:

«Наша мама — рукадзельніца. Кожнай нявестцы ў падарунак да вяселля яна вышыла пасцельную бялізну і ручнікі. Мы вельмі беражліва захоўваем яе працы. Цяпер я на пенсіі, жыву на дачы, і пакоі хаты ўпрыгожваюць вышытыя наўлечкі. […] Пагоду ў бацькоўскай хаце заўсёды стварае мама, дзякуючы ёй атмасфера да гэтага часу захавалася сонечнай, цёплай, жыццесцвярджальнай, сюды хочацца заўсёды прыязджаць».

Украіна: Мікалай Кубракоў, бацька дарадцы міністра абароны

Мікалай (Микола) Кубракоў, бацька дарадцы ўкраінскага міністра абароны Аляксандра Кубракова, вонкава не падобны ні на кога з братоў беларускага міністра. Больш за тое, год нараджэння ягоны таксама іншы. Ён старэйшы на 5 гадоў за беларускага Мікалая Кубракова.

Старонкі Міколы Кубракова мы знайшлі ў сацыяльных сетках «Одноклассники» і фэйсбук.

Мікалай Кубракоў у Кіеве. Фота з сацыяльнай сеткі «Одноклассники», апублікаванае ў 2017 годзе

Фота і дата нараджэння Міколы Кубракова супадаюць з дакументамі, якія атрымала Свабода з украінскіх пашпартных базаў. З іх жа вынікае, што ўкраінскі Мікола Уладзіміравіч Кубракоў нарадзіўся на ўсходзе Украіны, у Луганскай вобласці, таксама каля мяжы з Расіяй, але за 700 кіламетраў ад Касцюковічаў. Жыў у Крывым Розе і Першатравенску (цяпер Шахцёрскае) Днепрапятроўскай вобласці, а цяпер жыве ў Кіеве.

Мікалай Кубракоў з жонкай. Фота з сацыяльный сеткі «Одноклассники», апублікаванае ў 2013 годзе

Яго сын Аляксандр Кубракоў, які 7 студзеня 2025 года стаў дарадцам украінскага міністра абароны, нарадзіўся ў Першатравенску (цяпер Шахтарскае) і ўжо доўгі час таксама жыве ў Кіеве.

У сацыяльных сетках Міколы Кубракова не знайшлі ніякіх узгадак пра Беларусь. Там жа можна пабачыць, што няма людзей з Беларусі сярод ягоных сеткавых сяброў. Большасць іх з Першатравенска. Таксама ў яго на старонцы пазначана, што ў гэтым горадзе ён вучыўся ў школе № 2 з 1962 па 1972 гады.

Радыё Свабода звярнулася па каментар як да Аляксандра Кубракова, так і да Міколы Кубракова. Абодва адказалі, што не прыходзяцца родзічамі міністру ўнутраных справаў Беларусі Івану Кубракову.

«Не, ніякага дачынення да яго не маю, у Беларусі ніколі не быў», — адказаў Мікола Кубракоў.

Такім чынам, ніводнага рэальнага доказу роднасці і сваяцтва ўкраінскага Аляксандра Кубракова і беларускага міністра Івана Кубракова няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула