У Магілёве людзі масава кантактавалі з заражанай шаленствам жывёлай
14.02.2025 / 13:45
Сітуацыя з шаленствам у абласным цэнтры і Магілёўскім раёне застаецца напружаная.
Здымак ілюстрацыйны
У 2025 годзе ў Магілёве і Магілёўскім раёне выяўлена пяць выпадкаў шаленства сярод жывёл: гэта дзве лісы, янотападобны сабака, алень і хатні сабака.
У адным з выпадкаў людзі масава кантактавалі з заражанай жывёлай, паведаміў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
У 2024 годзе ў Магілёве і раёне было зарэгістравана восем выпадкаў шаленства сярод жывёл: янотападобны сабака, тры лісы, два хатнія сабакі, адзін бяздомны сабака і куніца. Да кантакту з дзікай жывёлай сабакі не былі прышчэпленыя супраць шаленства.
У двух выпадках быў масавы кантакт людзей з хворай на шаленства жывёлай. Так, у верасні больш за 70 чалавек кантактавалі з заражанымі шаленствам шчанюкамі.
Шаленства — гэта вострае віруснае інфекцыйнае захворванне, якое паражае нервовую сістэму. Шаленства смяротна небяспечна для чалавека: пасля з'яўлення першых сімптомаў смяротны вынік гарантаваны. Таму пасля ўкусу жывёлы важна адразу ж звярнуцца да медыкаў і прайсці тэрапію.