БЕЛ Ł РУС

У Магілёве рыбакі налавілі ў Дняпры чырванакніжнікаў і атрымалі вялікі штраф з хатняй «хіміяй»

14.02.2025 / 20:47

Nashaniva.com

У Магілёве судзілі двух рыбакоў і аднаго іх памагатага за незаконную рыбалку. У лістападзе 2024 года мужчыны прыехалі на Дняпро, селі ў маторную лодку і сплаўной сеткай пачалі лоўлю. У выніку здабылі 99 ляшчоў, 2 жэрахаў і 2 вусачоў. Апошняя рыбіна рэдкая і ўнесеная ў Чырвоную кнігу.

Звычайны вусач. Фота: Wikimedia Commons

Падлічаная сума шкоды навакольнаму асяроддзю склала 15 720 рублёў. Абвінавачаныя віну прызналі і кампенсавалі нанесеную шкоду.

Акрамя таго, за незаконную рыбалку і вылаўленага чырванакніжнага вусача мужчын прысудзілі да 2 гадоў хатняй «хіміі» і штрафу — па 4200 рублёў з кожнага. Уся злоўленая рыба і лодка канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

У справе фігуруе і трэці абвінавачаны — сам мужчына рыбу не лавіў, але на ягонай машыне рыбакі прыехалі да Дняпра. За дапамогу яму прызначылі 1,5 года хатняй «хіміі» са штрафам 2520 рублёў.

У Чырвоную кнігу Беларусі ўключаныя 9 відаў рыб: сцерлядзь, атлантычны ласось, кумжа, ручаёвая стронга, еўрапейскі харыус, еўрапейская корушка, гальян азёрны, звычайны вусач і рыбец.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула