БЕЛ Ł РУС

Беларусам прапануюць туры па Паўночнай Карэі

16.02.2025 / 12:46

Nashaniva.com

Мінскі тураператар прапануе беларусам экскурсіі па Пхеньяне, наведванне мясцовых славутасцяў і вячэры ў рэстаранах паўночнакарэйскай кухні, заўважыў прапанову Onliner. 

Першы тур пад назвай «Жамчужныя каралі Паўночнай Карэі» стартуе 17 сакавіка.

За восем дзён падарожнікам абяцаюць паказаць архітэктуру Пхеньяна, аглядныя пляцоўкі, стадыён, спартыўную арэну і нават дзве станцыі мясцовага метро — «Адраджэнне» і «Слава». 

Пры гэтым тураператар не раскрывае падрабязнасцей аб строгіх правілах знаходжання ў краіне. Турысты павінны ўлічваць, што ў Паўночнай Карэі перамяшчэнне магчымае толькі ў суправаджэнні афіцыйных гідаў, а мабільная сувязь і інтэрнэт практычна недаступныя. Міжнародныя банкаўскія карты ў краіне не прымаюцца. Акрамя таго, на мяжы дзейнічае жорсткі кантроль за прадметамі, якія ўвозяцца.

«Паўночная Карэя з'яўляецца адной з самых бяспечных краін для турыстаў, па дадзеных ААН», — запэўнівае тураператар. 

Кошт паездкі складзе 1610 долараў пры двухмесным размяшчэнні і 2075 долараў за індывідуальны нумар.

Яшчэ адзін пяцідзённы тур запланаваны на красавік, а ў верасні адбудзецца паездка, прымеркаваная да Дня заснавання КНДР.

Яе ўдзельнікі змогуць наведаць святочны канцэрт, а за праграму працягласцю восем дзён давядзецца заплаціць 1529 долараў.

У кошт паездкі не ўваходзіць пералёт да Уладзівастока, адкуль турыстам трэба дабірацца ў КНДР рэйсамі Air Koryo.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула