БЕЛ Ł РУС

Ілля Шкурын пераходзіць у варшаўскую «Легію»

17.02.2025 / 18:23

Nashaniva.com

Як паведамляе польскі спартыўны рэсурс meczyki.pl, трансфер беларускага форварда Іллі Шкурына са «Сталі» з польскага горада Мелец у варшаўскую «Легію» павінен быць завершаны ў найбліжэйшыя гадзіны. 

Ілля Шкурын. Фота: Grzegorz Wajda/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

25-гадовы беларус будзе каштаваць «Легіі» каля 1,5 мільёна еўра, што зробіць яго найдаражэйшым форвардам «Легіі» і трэцім самым дарагім унутраным трансферам у польскай Экстракласе. 

Працэс змены форвардам клуба ішоў у другой палове мінулага тыдня. Перамовы былі няпростыя, але клубы нарэшце прыйшлі да паразумення. Паведамляецца, што Шкурын у сераду прыедзе на медагляд і павінен падпісаць кантракт да чэрвеня 2028 года.

Дагэтуль Ілля Шкурын быў ключавым гульцом «Сталі» і гуляў практычна ўсе матчы за каманду ўжо два сезоны запар. Ён не толькі часта б'е па варотах сам, але і актыўна ўдзельнічае ў стварэнні атак. У гэтым сезоне ён забіў ужо 5 галоў і аддаў 2 перадачы, у мінулым было 18 галоў і 5 перадач.

Улетку, як паведамляецца, Шкурын быў блізкі да пераходу ў грэчаскі «Панацінаікос», а зімой за ім сачылі клубы з Паўднёвай Карэі.

На гэты момант варшаўская «Легія» мае найдаражэйшы склад у лізе (паводле Transfermarkt, ён каштуе 35 мільёнаў еўра). Шкурын ацэньваецца ў 2 мільёны еўра і добра ведае польскі чэмпіянат — ён ужо забіваў у вароты «Легіі».

Ілля Шкурын зможа гуляць за «Легію» ў Экстракласе і Кубку Польшчы ўжо ў гэтым сезоне.

У 2020 годзе Ілля першым з беларускіх спартоўцаў публічна заявіў, што адмаўляецца выступаць за нацыянальную каманду на знак салідарнасці з дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Ілля Шкурын запаліў у чэмпіянаце Польшчы: выйшаў на замену і забіў два галы за 6 хвілін ВІДЭА

Беларускі футбаліст будзе гуляць у чэмпіянаце Нідэрландаў

Экс-футбаліст зборнай Беларусі пасля комы зноў трапіў у рэанімацыю. На полі яго чакаць не варта

Каментары да артыкула