Старажытныя еўрапейцы ў большасці сваёй былі цемнаскурыя
18.02.2025 / 20:32
Новае даследаванне, заснаванае на аналізе геномаў старажытных жыхароў Еўропы, разбурае ранейшыя распаўсюджаныя меркаванні навукоўцаў аб тым, як выглядала большасць насельніцтва кантынента на працягу амаль усёй сваёй гісторыі.
Рэканструкцыя твару «Чалавека з Чэдара», які жыў прыкладна 10 тысяч гадоў таму і чые рэшткі былі знойдзены ў Вялікабрытаніі. Крыніца: British Channel 4
На працягу многіх дзесяцігоддзяў навука меркавала, што першыя Homo Sapiens, якія прыйшлі ў Еўропу з Афрыкі 45 тысяч гадоў таму, хутка набылі светлую скуру, каб прыстасавацца да меншай колькасці сонечнага святла. Ідэя ў тым, што святлейшая скура лепш прапускае ультрафіялетавае выпраменьванне, што дазваляе арганізму больш сінтэзаваць вітамін D — важны элемент для здароўя чалавека.
Аднак новае даследаванне італьянскіх навукоўцаў, заснаванае на дэталёвым аналізе геномаў 348 старажытных людзей, якія жылі ў розных рэгіёнах Еўропы ў перыяд ад 45 тысяч да 1700 гадоў таму, паказаў, што пераход да дамінацыі светлай скуры на кантыненце адбыўся не імгненна і нават не за адну тысячу гадоў.
Паводле аналізу, на працягу больш за 40 тысяч гадоў на кантыненце дамінавала цемнаскурае насельніцтва: каля 63% старажытных еўрапейцаў мелі цёмную скуру, а астатнія мелі прамежкавыя адценні.
Першыя прыкметы светлай пігментацыі, такія як белая скура і блакітныя вочы, з’явіліся ў Еўропе толькі ў перыяд мезаліту, прыкладна ад 14 да 4 тысяч гадоў таму, у некаторых прадстаўнікоў насельніцтва Швецыі і Францыі. Але нават тады светлая скура была рэдкасцю — толькі 8% еўрапейцаў у тыя часы мелі адносна светлую скуру.
А ў бронзавым веку (ад 7 да 3 тысяч гадоў таму) колькасць цемнаскурых людзей скарацілася да 50% ад усіх жыхароў Еўропы. І толькі ў жалезным веку (ад 3 да 1,7 тысяч гадоў таму) светлыя адценні скуры сталі дамінаваць сярод еўрапейцаў, піша выданне ZME Science са спасылкай на даследаванне.
Паваротны момант у фарміраванні знешняга выгляду сучасных еўрапейцаў, згодна з аналізам, адбыўся прыкладна 10 тысяч гадоў таму, калі на тэрыторыю Еўропы пачалі масава перасяляцца першыя земляробы з Анатоліі (тэрыторыя сучаснай Турцыі). Яны прынеслі гены, якія спрыялі з'яўленню светлай скуры, і з часам іх нашчадкі сталі дамінаваць у еўрапейскай папуляцыі.
Але працэс гэты быў павольным і нераўнамерным, адзначаюць італьянскія навукоўцы. У некаторых рэгіёнах Еўропы цёмная скура захоўвалася на тысячагоддзі даўжэй, чым у іншых. Напрыклад, аналіз паказаў, што светлыя вочы сталі распаўсюджанымі яшчэ да таго, як светлая скура стала нормай. А руды і светлы колер валасоў з’явіўся толькі ў неаліце і бронзавым веку.
Акрамя таго, класічнае тлумачэнне з'яўлення светлай скуры ў еўрапейцаў праз меншую колькасць сонечнага святла і неабходнасці большага сінтэзу вітаміну D нельга назваць поўным. Паводле аналізу, сваю ролю таксама адыгралі змены ў харчаванні. Калі людзі перайшлі да земляробства, у іх рацыёне стала менш дзічыны, якая багатая на вітамін D. Гэта магло павысіць патрэбу ў эвалюцыі да светлай скуры, каб паглынаць больш ультрафіялетавага выпраменьвання і кампенсаваць недахоп вітаміну, перадае ZME Science.
Апошнім адкрыццём даследавання стала тое, што светлая скура ніяк не звязаная з неандэртальцамі. Гэтая прыкмета развілася ў Homo sapiens незалежна, што яшчэ раз падкрэслівае ролю генетычных змен і міграцыі ў фарміраванні сучаснага выгляду еўрапейцаў, падагульнілі навукоўцы.
Чытайце таксама:
Як будуць выглядаць людзі праз 1000 гадоў — прагноз навукоўцаў
Навукоўцы далі яшчэ адно тлумачэнне загадкаваму выміранню неандэртальцаў
Старажытныя людзі на тэрыторыі Беларусі жылі больш за 400 тысяч гадоў таму