БЕЛ Ł РУС

Памятаеце суполку «Мы за вялікую Беларусь» пачатку 2010-х? Яе адміністратара Паўлюкевіча судзяць за пратэсты

18.02.2025 / 16:24

Nashaniva.com

Сяргей Паўлюкевіч быў зоркай «маўклівых акцыяў» 2011 года. Пасля затрымання яго катавалі і завербавалі кадэбісты, але ён прызнаўся ў гэтым і публічна адмовіўся з імі супрацоўнічаць.

Сяргей Паўлюкевіч. Фота з ягонага фэйсбука

Сяргею Паўлюкевічу 34 гады. Ён мінчук, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на сацыёлага, таксама паступаў у Польшчу, але, падобна, не скончыў навучанне.

Сяргей быў адміністратарам суполкі Укантакце «Мы за вялікую Беларусь» (больш за 120 тысяч падпісчыкаў, гэта была найбуйнейшая беларуская група) і сустрэчы «Марш мільёнаў».

Упершыню Паўлюкевіч засвяціўся ў медыя ў 2011 годзе. Адбылося гэта пасля Плошчы-2010, на якой яго затрымалі і прысудзілі 10 сутак арышту. На сутках яго ўпершыню спрабавалі вербаваць.

У студзені 2011 у Паўлюкевіча канфіскавалі камп'ютар. Пасля яго прэвентыўна затрымлівалі 25 сакавіка 2011 года, а ў чэрвені яшчэ раз канфіскавалі тэхніку.

Наступнага разу яго затрымалі 1 ліпеня 2011 года, калі ў Беларусі ішлі «маўклівыя» акцыі пратэсту. Пасля затрымання і 15 сутак Сяргей выйшаў з-за кратаў і распавёў пра тое, што яго катаваў да завербаваў КДБ, але супрацоўнічаць ён не будзе.

Пасля гэтага ў медыя Паўлюкевіч не свяціўся. Мяркуючы па сацсетках, працаваў на «звычайных» працах — грузчыкам, майстрам і гэтак далей.

Сяргея Паўлюкевіча пачынаюць судзіць 26 лютага 2025 года ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах па «народным» артыкуле (ч. 1 арт. 342). Яму можа пагражаць да трох гадоў калоніі.

Мяркуючы па ўсім, ён у СІЗА. Ва ўсіх сацсетках Паўлюкевіч даўно не быў анлайн, а ў тэлеграме стаіць пазнака, што анлайн быў «вельмі даўно», то-бок больш за месяц таму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула