БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Мінска будуюць Апеляцыйны эканамічны суд

19.02.2025 / 15:56

Nashaniva.com

Па вуліцы Мяснікова, 5 у Мінску ўзводзіцца Апеляцыйны эканамічны суд. Пра гэта распавёў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч, паведамляе БелТА.

Ілюстрацыйнае фота Maps.yandex.com

Да 1 лістапада плануецца завяршыць будаўніцтва сучаснага чатырохпавярховага будынка. У ім будзе восем залаў судовых пасяджэнняў, а на апошнім паверсе размесцяць Дэпартамент па архівах і справаводстве.

Валерый Калінковіч адзначыў, што паралельна фармуецца кадравы склад для новага суда. Як анансавалася раней, Апеляцыйны эканамічны суд пачне працу з 1 студзеня 2026 года.

Пра планы стварыць Апеляцыйны эканамічны суд Валерый Калінковіч заяўляў яшчэ два гады таму. Гэта прадугледжана праектам Кодэкса грамадзянскага судаводства. Сёння эканамічныя справы ў першай інстанцыі разглядаюць абласныя эканамічныя суды, але апеляцыі праводзяцца ў гэтых жа судах спецыяльна прызначанымі суддзямі.

З стварэннем новага суда апеляцыйная інстанцыя будзе цалкам адасоблена ад працы суда першай інстанцыі, як у арганізацыйным плане, так і ў кадравым. У выніку ў сістэме гаспадарчых судоў будзе вытрыманы міжнародны прынцып «адзін суд — адна інстанцыя».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула