Пуцін заявіў, што расіяне зайшлі з Куршчыны на ўкраінскую тэрыторыю. Ва Украіне абверглі
Уладзімір Пуцін сёння заявіў, што, маўляў, расійскія вайскоўцы перасеклі мяжу Курскай вобласці з Украінай. Аднак ва Украіне кажуць, што гэта была толькі дыверсійна-разведвальная група, а пра шырокае наступленне гаворкі ніяк не ідзе.
Мяжа Украіны з Курскай вобласцю Расіі. Скрыншот карты DeepState
Паводле слоў Пуціна, перасячэнне мяжы здзейснілі вайскоўцы 810-й брыгады расійскай марской пяхоты — менавіта гэта падраздзяленне ваюе супраць украінскіх войскаў у Курскай вобласці.
У цэнтры супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны кажуць, што пра шырокамаштабны наступ расіян гаворка не ідзе, бо на тэрыторыі Куршчыны проста на гэты момант няма груповак, здольных яго ажыццяўляць. Праўда, на тэрыторыю Украіны спрабавала зайсці дыверсійна-разведвальная група, аднак яе хутка знішчылі.
Прадстаўнік Генштаба УСУ Дзмітрый Ліхавы таксама адмаўляў прарыў з Курскай вобласці, адзначыўшы, што расіяне распаўсюджваюць «дадатковыя ўкіды» «на фоне агульных не найлепшых настрояў у нашых сацсетках».
Ён расказаў, што каля шостай гадзіны раніцы расійскае падраздзяленне паспрабавала прасунуцца ў бок мяжы з Украінай на кірунку Мікалаева-Дар'іна — Жураўка. Аднак гэтая спроба поспеху не мела.
Чытайце таксама:
Пуцін «высока ацэньвае» вынікі перамоў у Эр-Рыядзе
Адны ў эйфарыі, другія ў роспачы. Z-каналы падзяліліся ў ацэнках сустрэчы ў Эр-Рыядзе
Пуцін перанёс пасланне Федэральнаму сходу з-за падрыхтоўкі меркаванай сустрэчы з Трампам