Сейм Латвіі падтрымаў забарону на куплю маёмасці грамадзянамі Беларусі
20 лютага дэпутаты Сейма Латвіі ў першым чытанні падтрымалі законапраект «Закон аб абмежаванні пагрозлівых для нацыянальнай бяспекі здзелак», які прадугледжвае забарону набыцця нерухомасці ў Латвіі грамадзянамі Расіі і Беларусі або юрыдычнымі асобамі, што ім належаць, паведамляе Delfi.lv.
Мэта законапраекта — не дапусціць шкодных або небяспечных для нацыянальных інтарэсаў Латвіі дзеянняў, а таксама прадухіліць абыход уведзеных міжнародных санкцый.
Змены закрануць фізічных і юрыдычных асоб з Беларусі і Расіі, а таксама юрыдычных утварэнняў, створаных у Расіі ці Беларусі, або чые сапраўдныя бенефіцыяры з'яўляюцца грамадзянамі гэтых краін.
Плануецца, што абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на асоб, якія атрымалі статус пастаяннага жыхара Еўрапейскага саюза або пастаянны дазвол на жыхарства ў Латвіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі, усталяванымі законам аб іміграцыі.