БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка падпісаў указ аб узмацненні паўнамоцтваў выканкамаў 

21.02.2025 / 20:52

Nashaniva.com

21 лютага Лукашэнка падпісаў указ «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». Дакумент апублікаваны на сайце Лукашэнкі і ўступіць у сілу з 1 сакавіка.

Аляксанд Лукашэнка 26 снежня 2024 года. Фота: Gavriil Grigorov / Sputnik Kremlin Pool Photo, AP

Указам пашыраюцца фінансавыя і кадравыя паўнамоцтвы выканкамаў. Сказана, што кадравыя паўнамоцтвы чыноўнікаў пашыраюцца ў дачыненні не толькі дзяржаўных органаў, але і «іншых арганізацый, якія дзейнічаюць на адпаведнай тэрыторыі».

Старшыні раённых і гарадскіх выканкамаў цяпер павінны зацвярджаць кіраўнікоў арганізацый са спіса, які складае выканкам базавага ўзроўню. Таксама яны ж павінны разглядаць кіраўнікоў для працягнення працоўнага кантракту.

На пасяджэннях выканкама з запрашэння старшыні выканкама павінен прысутнічаць супрацоўнік пракуратуры — у яго будзе права голасу па тых ці іншых пытаннях.

Спыненне ці часовае спыненне дзейнасці «важных для рэгіёна аб'ектаў» павінна ўзгадняцца з выканкамамі.

У спісе такіх аб'ектаў пералічаны: аб'екты добраўпарадкавання, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, аўтамабільныя стаянкі і паркоўкі, роварныя стаянкі, аб'екты грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, паштовай сувязі, гандлю, аптэк, культурна-забаўляльных аб'ектаў, аддзяленняў банкаў і банкаматаў.

Па логіцы дакумента, гэта павінна паўплываць на скарачэнне працоўных месцаў і ліквідацыю сацыяльна важных аб'ектаў.

Акрамя распараджэнняў чыноўнікі з выканкамаў цяпер змогуць выносіць пісьмовыя патрабаванні аб парушэнні заканадаўства і дысцыплінарнай адказнасці супрацоўнікаў ніжэйшых выканкамаў і іншых арганізацый.

За невыкананне такіх патрабаванняў прадугледжана адміністратыўная адказнасць.

Таксама чыноўнікаў заклікаюць «актыўна залучаць грамадзян у агульную справу па навядзенню парадку ў краіне».

Напачатку снежня Лукашэнка ўжо настойваў на ўзмацненні паўнамоцтваў мясцовай улады ў дачыненні да прыватнага сектара. 

Тады ён нагадаў, што зараз ідзе Год добраўпарадкавання і пяцігодка якасці. Задачы па гэтым профілю кладуцца на рэгіёны і іх кіраўнікоў: 

«І што, старшыня райвыканкама будзе хадзіць кланяцца да кіраўнікоў прыватнага сектара, каб яны, да прыкладу, гэтыя задачы вырашалі? Рашэнні выканаўчага камітэта і старшыні выканкама павінны быць канчатковымі і абмеркаванню не падлягаць. У плане функцыяналу, які кладзецца на іх».

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў пра ўзмацненне паўнамоцтваў мясцовай улады ў дачыненні да прыватнага сектара

Каментары да артыкула