Звесткі Пентагона абвяргаюць заявы Трампа, што ЗША выдзелілі Украіне $350 млрд
23.02.2025 / 11:14
На гэтым тыдні прэзідэнт Трамп паўтарыў сваё сцвярджэнне, што Злучаныя Штаты выдаткавалі 350 мільярдаў долараў на вайну ва Украіне. Гэтая лічба значна перавышае суму, зафіксаваную Міністэрствам абароны, піша «Голас Амерыкі».
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ЗША далі Украіне каля 183 мільярдаў долараў дапамогі, з іх 65,9 мільярда долараў былі выдаткаваныя на ваенную падтрымку Украіны.
Каля 58 мільярдаў долараў са 183 мільярдаў былі патрачаныя ў саміх ЗША.
«Гэтыя сродкі былі накіраваныя непасрэдна на развіццё амерыканскай абароннай прамысловасці або шляхам замены старой зброі, перададзенай Кіеву, на новую зброю амерыканскай вытворчасці, або шляхам прамых інвестыцый у прамысловасць», — піша выданне.
«Голас Амерыкі» звярнуўся да Белага дома з просьбай растлумачыць словы Трампа, у тым ліку прадаставіць любую дакументацыю адносна разыходжання лічбаў.
Белы дом у адказ працытаваў каментар прэзідэнта.
У паведамленні ў сацыяльнай сетцы Truth Social Трамп сказаў: «Умерана паспяховы комік Уладзімір Зяленскі пераканаў Злучаныя Штаты Амерыкі выдаткаваць 350 мільярдаў долараў на нявыйгрышную вайну, якую ніколі не варта было пачынаць, але вайну, якую ён, без ЗША і Трампа, ніколі не зможа ўрэгуляваць».