Дызайнер прыдумаў новы беларускі інтэр’ерны стыль — беландзі. Што гэта такое?
23.02.2025 / 14:48
Беларускі дызайнер Андрэй Ермачкоў прыдумаў новы інтэр’ерны стыль — беландзі. Ён прадугледжвае спалучэнне сучаснага мінімалізму з беларускім каларытам.
На візуалізацыях Андрэй паказаў, як гэта магло б выглядаць у жыцці.
Напрыклад, замест шпалер — дэкаратыўная тынкоўка с беларускім арнаментам. Саламяныя павукі ў якасці аздаблення. Па жаданні — іконы. Ну і, вядома, светлыя адценні ў інтэр’еры, лён і цёплае святло.
Тэрмін беландзі — гэта відавочная адсылка да інтэр’ерных стыляў у духу Скандынавіі ў міксе з вайбам іншай краіны.
Адзін з самых вядомых такіх кірункаў, напрыклад, джапандзі — змешванне дзвюх дызайн-традыцый: скандынаўскай і японскай. Ён грунтуецца на мінімалізме, абмежаванні візуальнага шуму, простых формах і прыродных колерах. Джапандзі — гэта адначасова функцыянальнасць і эстэтыка. Усе прадметы ў інтэр’еры павінны служыць нейкай мэце. Адзіны ўніверсальны дэкор — жывыя расліны.
У каментарах у тыктоку, дзе дызайнер падзяліўся сваім вынаходніцтвам, рэакцыі розняцца. Частцы падабаецца сама ідэя, але нехта лічыць, што аўтар занадта павярхоўна ўспрымае беларускую культуру. «Ці магчыма быць беларусам і пры гэтым не дадаваць да ўсяго беларускі арнамент», — задаецца пытаннем адна з каментатарак.
Чытайце таксама:
«Дактары давалі 50%, што буду на інвалідным вазку». Чым сёння жыве мадэльер Саша Варламаў
Не рэстаўрацыя, а пасмешышча. У Ружанах «зарэстаўравалі» рэзідэнцыю Сапегаў
Як камбінаваць рэчы з нацыянальнымі матывамі з сучаснымі? Ідэі ад модных беларусак і беларусаў