БЕЛ Ł РУС

Мінчук, які павінен быў даглядаць смяротна хворых у хоспісе, афармляў на іх мікрапазыкі

23.02.2025 / 16:34

Nashaniva.com

Цынічны спосаб падзарабіць скончыўся для 39-гадовага мужчыны новай крымінальнай справай.

Паводле высноў следства, пасля таго, як летам 2020 года мінчук выйшаў з турмы, дзе адбываў пакаранне за забойства, ён уладкаваўся на працу ў хоспіс. Даглядаючы безнадзейна хворых пацыентаў, у нейкі момант ён даведаўся, што адзін з мабільных аператараў дае магчымасць браць мікрапазыкі. Пра гэта перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Мужчына вырашыў скарыстацца з такой магчымасці. Ён браў у пацыентаў тэлефоны і афармляў на іх заяўкі на мікрапазыкі, сумы якіх вар'іраваліся ад 300 да 1000 рублёў. А калі заяўкі ўхвалялі, ён пераводзіў грошы на свой асабісты рахунак.

У выпадку, калі прылады людзей аказваліся старымі і праз іх нельга было выйсці ў Інтэрнэт, ён выцягваў з іх сімкі і ўстаўляў у свой мабільны тэлефон. 

Такім чынам несумленнаму працаўніку ўдалося падмануць 7 чалавек і зарабіць у суме 4100 рублёў.

У выніку мужчыну абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 212 КК РБ (Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі), мужчыне можа пагражаць турэмны тэрмін да 3 гадоў. Ён цалкам прызнаў сваю віну, але нанесеную шкоду пакрыў толькі часткова. Цяпер ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і чакае суду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула