БЕЛ Ł РУС

СБУ выкрыла больш за 100 агентурных сетак. Расійскія агенты планавалі забіць Зяленскага, Буданава і кіраўніка самой СБУ

23.02.2025 / 17:30

Nashaniva.com

Выканаўцамі мусілі стаць высокапастаўленыя асобы, адказныя за ахову кіраўніцтва краіны.

Кіраўнік СБУ Васіль Малюк на форуме «Украіна. Год 2025». Скрыншот трансляцыі

Пра гэта на форуме «Украіна. Год 2025», які прайшоў 23 лютага, заявіў кіраўнік СБУ Васіль Малюк, паведамляе NV.ua.

«За тры гады мы выявілі 102 варожыя агентурныя сеткі, сярод якіх былі і топавыя. Сярод іх былі і тыя, што планавалі ліквідацыю нават нашага Вярхоўнага галоўнакамандуючага, прэзідэнта Украіны», — паведаміў Малюк.

Акрамя таго, вораг спрабаваў арганізаваць замах на начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыла Буданава.

«І ўсім гэтым кіравалі непасрэдна з Лубянкі. А выканаўцамі былі высокапастаўленыя чыноўнікі ўпраўлення дзяржаўнай аховы. Гэта тыя, хто мусіў адказваць за ахову першых асоб, але вораг у свой час пранік і здолеў іх завербаваць. І яны выношвалі свае злачынныя намеры. Яны былі затрыманыя намі ўжо на стадыі няскончанага замаху», — распавёў кіраўнік СБУ.

Паводле Малюка, планаваўся замах і на яго.

Кіраўнік СБУ дадаў, што РФ планавала здзейсніць тэракт у сталічным гіпермаркеце.

«Яны запланавалі тэракт у адным з гіпермаркетаў французскай кампаніі. У гадзіну пік, пасля шостай вечара, калі там шмат людзей, у месцах, дзе знаходзяцца лёгкаўзгаральныя сумесі, павінны былі спрацаваць выбуховыя прылады. Слава Богу, мы змаглі спыніць гэта загадзя», — адзначыў Малюк.

Паводле кіраўніка СБУ, Расія дзейнічае як сапраўдны тэрарыст.

Малюк таксама падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе намеры ворага, «аператыўная сітуацыя ў нас застаецца цалкам кантраляванай, і так будзе працягвацца далей».

У пачатку 2023 года выданне Independent паведамляла, што Зяленскі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі перажыў больш за 12 замахаў. Паводле газеты The New York Times, прынамсі адзін замах дапамагло прадухіліць ЦРУ ЗША.

У траўні 2024 года Служба бяспекі Украіны паведаміла, што выкрыла сетку агентаў 5-й службы ФСБ РФ, якія рыхтавалі забойства прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Паводле звестак СБУ, у гэтую сетку ўваходзілі двое палкоўнікаў Упраўлення дзяржаўнай аховы. Акрамя прэзідэнта, расіяне планавалі ліквідаваць кіраўніка СБУ Васіля Малюка, начальніка ГУР Кірыла Буданава і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула