БЕЛ Ł РУС

Пракуратура не пабачыла «нізкіх матываў» у дзеяннях жывадзёра з Лёзна, які павесіў сабаку на дрэве

23.02.2025 / 21:45

Nashaniva.com

Гаспадара сабакі арыштавалі на суткі — на тэрмін меншы, чым даюць за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ілюстрацыйнае фота.

Пра гэта паведамляе выданне Orsha.eu.

У студзені ў Лёзненскі РАУС звярнуўся мужчына, які выпадкова трапіў на мёртвую жывёліну ў лесапаласе каля райцэнтра.

Міліцыя неўзабаве знайшла вінаватага. Ім аказаўся 48-гадовы мясцовы жыхар. Паводле яго слоў, сабака сам прыбіўся да яго дома і жыў там доўгі час. Аднак суседзі скардзіліся, што жывёліна без нагляду ходзіць па чужых агародах і псуе пасевы. Гаспадару параілі альбо дрэсіраваць сабаку, альбо трымаць яго прывязаным. Той вырашыў праблему самым жорсткім спосабам.

Павешаны сабака.

У міліцыі свае дзеянні мужчына патлумачыў тым, што баяўся адказнасці за дзеянні сабакі і таму вырашыў пазбавіцца яго.

Як цяпер высветлілася, крымінальную справу супраць жыхара Лёзна заводзіць не сталі. Пракуратура палічыла, што ў яго дзеяннях не было хуліганскіх, карыслівых або іншых нізкіх матываў.

Аднак за жорсткае абыходжанне з жывёлай, што прывяло да яе гібелі, мужчыну пакаралі паводле ч. 3 арт. 16.29 КоАП. Суд Лёзненскага раёна пастанавіў, што дастатковым пакараннем будзе адміністрацыйны арышт тэрмінам на 7 сутак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула