У Гомелі зносяць недабудаваную бальніцу. На яе месцы будзе паркоўка з «залатым» коштам машынамесца
Гэта будзе, відаць, самая дарагая паркоўка ў Беларусі, якая абыдзецца бюджэту ў 900 тысяч даляраў.
Знос недабудаванага корпуса бальніцы ў Гомелі. Скрыншот відэа тэлеграм-канала «Флагшток»
Дзівосы зносу помніка безгаспадарчасці заўважыла выданне «Флагшток».
Знос пяціпавярховага корпуса інфекцыйнага шпіталя на вуліцы Фядзюнінскага, які ўлады так і не змаглі дабудаваць, ацанілі ў 3 123 005 рублёў (каля 900 000 даляраў). Цікава, што дэмантаж будынка ўключылі ў праект стварэння адкрытай парковачнай пляцоўкі на 20 месцаў.
Карыстаючыся простай матэматыкай, можна падлічыць, што кошт аднаго парковачнага месца на ёй будзе сапраўды «залатым» — каля 45 000 даляраў.
Раней чыноўнікі Гомельскага гарвыканкама планавалі перапрафіляваць будынак, але пазней вырашылі знесці яго пад прыстойнай нагодай.