БЕЛ Ł РУС

Нешта дзіўнае адбывалася ўначы ў Навагрудскім касцёле. І ўжо не ўпершыню

24.02.2025 / 23:53

Nashaniva.com

У ноч на 23 лютага ў каталіцкім храме святога Арханёла Міхала і ў крыпце касцёла ў Навагрудку правялі «начную містэрыю». Яе ўдзельнікі ў спецыяльных плашчах, са свечкамі хадзілі па тэрыторыі святыні, слухалі ў паўзмроку арган, спускаліся да трунаў манахаў, піша Katolik.life.

Аказалася, што гэта своеасаблівая экскурсія для турыстаў, якая пазіцыянуецца як «самая таямнічая і незвычайная экскурсія Беларусі» і падаецца менавіта як містэрыя — гэта значыць, рэлігійная містычная практыка.

Выглядае гэта так: «На горад спускаецца ноч, у цішыні раздаецца звон касцельнага звона, усё гучней і гучней чутная музыка, з нізенькай дзверцы, што вядзе кудысьці ў падзямелле, выходзіць манах-дамініканец у сваім чорным уборы. Містэрыя пачалася…» 

«Гэта экскурсія для тых, хто не баіцца зазірнуць у глыбіню ўласнай душы, каб выявіць даўно набалелае, што точыць сваёй нявызначанасцю або сумневам. Экскурсія нясе ў сабе філасофскі падтэкст, які прабіраецца ў самыя далёкія куткі свядомасці», — гаворыцца ў анонсе.

Удзельнікам абяцаюць «магчымасць адчуць на сябе, як жылі і служылі ў Навагрудку манахі-дамініканцы 400 гадоў таму»:

«Вы нібы апынецеся ў самым сэрцы манаскага ордэна, адчуеце сябе ў Сярэднявеччы, надзенеце плашчы, возьмеце ў рукі свечкі і адправіцеся ў паўзмроку таямнічымі калідорамі касцёла. Разам з манахамі спусціцеся ў крыпту, дзе знайшлі свой апошні супакой дамініканцы».

Падкрэсліваецца, што «фота і відэаздымка падчас містэрыі забароненыя, каб захаваць таямнічую атмасферу».

Упершыню экскурсію пачалі праводзіць у сярэдзіне 2024 года — яе арганізаваў дзяржаўны турыстычны інфармацыйны цэнтр Навагрудка. Затым экскурсію «Навагрудская містэрыя» стаў праводзіць мінскі тураператар.

Чытайце таксама:

«Да жыцця ачніся, беларусе-братка». Песню арганісткі вясковага касцёла запісаў Акадэмічны хор

Што за мацак зачараваў беларусак праходкамі ў вітрыне ў адных майтках

У Мінску адкрыўся абноўлены рэстаран на 22-м паверсе гатэля «Беларусь»

Беларусам прапануюць туры па Паўночнай Карэі

Каментары да артыкула