БЕЛ Ł РУС

Ватыкан паведаміў аб невялікім паляпшэнні стану Папы Францішка

25.02.2025 / 7:34

Nashaniva.com

Але стан яшчэ крытычны.

Папа Францішак. Фота: Andrew Medichini / AP

Самаадчуванне Папы Францішка, які вось ужо больш за тыдзень знаходзіцца ў бальніцы, некалькі палепшылася, паведамілі журналістам у панядзелак у прэс-службе Ватыкана, удакладніўшы, што стан 88-гадовага пантыфіка ўсё яшчэ ацэньваецца як крытычны, піша Бі-бі-сі.

У нядзелю стала вядома, што дактары асцерагаюцца за жыццё пантыфіка праз праблемы з дыханнем і ныркамі.

Аднак у панядзелак журналістам заявілі, што «невялікія праблемы з ныркамі» — не падстава для турботы.

«У панядзелак [у Папы] нават не было прыступаў астмы; палепшыліся і вынікі некаторых аналізаў», — паведамляецца ў вячэрнім бюлетэні Ватыкана з нагоды стану здароўя пантыфіка.

Там таксама гаворыцца, што ў панядзелак Францішак у пэўным сэнсе нават вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў, патэлефанаваўшы пробашчу каталіцкай парафіі ў сектары Газа, «каб выказаць таму сваю папскую блізкасць».

Зрэшты, большую частку часу, як удакладняецца ў тэксце бюлетэня, пантыфік праводзіць у кіслароднай масцы, якая палягчае яму дыханне, хоць дактары «свае прагнозы пакуль прадбачліва не раскрываюць».

У суботу Ватыкан паведамляў, што ў Францішка здарыўся рэспіраторны крыз, і ён знаходзіцца ў крытычным стане. Аднак ужо ў нядзельным бюлетэні было сказана, што наступныя суткі «далейшых рэспіраторных крызаў зафіксавана не было».

У нядзелю ж, калі пантыфік другі раз не змог выступіць перад парафіянамі асабіста, прысутным на плошчы Святога Пятра зачыталі ягоную заяву, у якой Францішак звяртаецца да ўсіх каталікоў з просьбай маліцца за ягонае здароўе.

У панядзелак увечары тыя кардыналы, што былі ў Рыме, сабраліся ля сабора Святога Пятра, каб памаліцца за Папу разам з членамі ватыканскай курыі (адміністрацыйнага падраздзялення каталіцкай царквы) і духавенствам Рымскай дыяцэзіі.

Узначаліў вячэрнюю малітву дзяржсакратар Ватыкана, кардынал Паралін, які паведаміў, што з гэтага дня кардыналы, якія знаходзяцца ў Рыме, будуць збірацца кожны вечар для чытання псалмоў.

У маладосці Францішак перанёс цяжкі плеўрыт, у выніку якога яму давялося выдаліць частку лёгкага. З тых часоў пантыфік асабліва схільны пнеўманіі — як віруснага паходжання, так і бактэрыяльнага або грыбковага.

Таму за 12 гадоў, што пантыфік правёў на чале Рымска-каталіцкай царквы, ён неаднаразова трапляў у бальніцу. Апошні раз-у сакавіку 2023 года, калі яго давялося шпіталізаваць з бранхітам.

Тады, выпісаўшыся, Францішак перш за ўсё паведаміў парафіянам: «Я ўсё яшчэ жывы!»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула