БЕЛ Ł РУС

Хто такія «бэжавыя мамы», якія раздражняюць усіх

26.02.2025 / 7:0

Ганна Стафановіч

Відэа, дзе маці прымушае дзіця выкінуць цацку, бо яна каляровая, прыводзіць у ступар. Але на гэту філасофію падселі тысячы жанчын.

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

Мода на «бэжавае мацярынства» з’явілася ў 2022 годзе. Менавіта тады Кім Кардаш’ян правяла для журналістаў Vogue экскурсію па сваім доме. Людзі па ўсім свеце пабачылі, як жыве зорка.

Кім (між іншым, шматдзетная маці) у бэжавай сукенцы сядзела ў бэжавым пакоі на бэжавай канапе і расказвала, якое вялікае значэнне для яе мае мінімалізм дома — з улікам таго, які хаос пануе на планеце. У Кім нават баскетбольная пляцоўка ў вельмі стрыманых колерах! Мяркуючы па відэа, і машыны ў аўтапарку зоркі ўсе выключна бэжавыя.

Кім Кардаш'ян у сваім бэжавым доме. Скрыншот відэа на YouTube

Відэа на YouTube набрала 12 мільёнаў праглядаў — а тысячы (калі не дзясяткі тысяч) жанчын у самых розных краінах захацелі, каб іх дом быў у такой самай эстэтыцы.

Дзеці таксама сталі часткай гэтай інстаграмнай карцінкі. The Guardian тады заўважала, што на гандлёвай анлайн-платформе Etsy ў 2022 годзе ажно на 67% узрасла колькасць пошукавых запытаў на бэжавае дзіцячае адзенне.

Сярод мамфлюэнсераў (так называюць блогерак, якія робяць пераважна кантэнт, прысвечаны мацярынству) з’явілася шмат тых самых «бэжавых мам». Яны робяць бэжавыя дзіцячыя пакоі, набываюць цацкі (пераважна драўляныя ці з тканіны) спакойных колераў, а таксама радуюцца, што іх дзеці на вуліцы самыя стылёвыя.

Прыхільнікі «бэжавага мацярынства» сцвярджаюць, што такое асяроддзе змяншае празмерную візуальную стымуляцыю для дзяцей і спрыяе спакою. Кажуць і пра экалагічнасць ідэі: бо калі ўсе рэчы ў гардэробе дзіцяці нейтральных колераў, іх можна выкарыстоўваць і для наступных дзяцей незалежна ад іх полу. Апроч таго, тыя самыя бэжавыя цацкі звычайна робяцца не з пластыка, а з дрэва.

Крытыкі «бэжавых мам» у першую чаргу гавораць аб тым, што для маленькага дзіцяці вельмі важна бачыць вакол сябе розныя колеры. Розныя адценні дапамагаюць ім ацэньваць і разумець мноства аб'ектаў, з якімі яны знаёмяцца ў першыя месяцы і гады жыцця. А, напрыклад, стылёвыя бэжавыя мабілі над ложкамі немаўлят у прынцыпе бессэнсоўна змяшчаць, таму што дзеці фізічна не могуць бачыць бляклыя цацкі.

Часам «бэжавыя мамы» даходзяць да нейкіх вельмі дзіўных рашэнняў. Напрыклад, у 2023 годзе сацсеткі абмяркоўвалі англамоўную тыктокерку Нэцці. Яна набыла для сваёй маленькай дачкі пластыкавую ялінку яркага зялёнага колеру. Шары для ўпрыгожвання таксама былі вельмі яркімі, а верхавіна-зорка традыцыйна залатой.

Блогерка вырашыла, што такое дрэва не пасуе яе гасцёўні. Таму перафарбавала ўсё, каб было больш эстэтычна: ялінка стала прыглушанага зялёнага колеру, шары — карычневымі і бэжавымі, зорка шэрай. На жанчыну абрынулася хваля крытыкі праз гэта.

Блогерка Нэцці перафарбавала яркую пластыкавую ялінку. Скрыншоты відэа ў тыктоку

Дарэчы, сярод беларусак «бэжавыя мамы» таксама ёсць. І здзіўляць яны таксама ўмеюць.

Адна з беларускіх блогерак паскардзілася, што яе маленькай дачцэ падарылі яркую жоўтую машынку. Дзяўчынка паслухмяна выкінула новую цацку ў сметніцу.

 — Я хутка ёй растлумачыла, што з такімі яркімі цацкамі гуляць нельга. Яна ўсё зразумела і села гуляць у бэжавы сортар.

Ролік набраў 1,2 мільёна праглядаў.

@verem.lena

Хорошо когда ребенок тоже «бежевый» и все понимает, мы на одной волне.

♬ оригинальный звук - verem.lena

Яшчэ адна беларуская мама-блогерка паказала сваю дачку ў бэжава-карычневым адзенні і параіла незадаволеным «бэжавымі мамамі» пачытаць у Вікіпедыі значэнне слова густ.

Амаль паўмільёна праглядаў сабраў ролік мамы-тыктокеркі, якая запісала зварот да хэйтараў.

— Я таксама люблю натуральныя адценні, апранаю сябе і дзіця ў такія колеры. Але гэта не перашкаджае мне купляць рознакаляровыя цацкі і некаторыя рэчы ў яркіх колерах. Проста памятайце, што прыгожая карцінка ў сацыяльных сетках — гэта ўсяго толькі 5% жыцця чалавека.

@malysham.by Прокат игрушек в Минске www.malysham.by. #бежеваямама #мамавдекрете #мамыпоймут ♬ оригинальный звук - Елена

Беларускі бізнэс тым часам пачаў выкарыстоўваць ідэі «бэжавага мацярынства» ў рэкламе. Так, адзін з мінскіх пракатаў цацак зрабіў для сацсетак ролік з дзецьмі ў бэжавым адзенні, якія сядзяць у бэжавым інтэр’еры. Голас за кадрам заклікае арандаваць «візуальныя раздражняльнікі» (каляровыя цацкі).

«Наша Ніва» спытала беларускага псіхолага (яго імя не прыводзіцца ў мэтах бяспекі), што ён думае наконт «бэжавага мацярынства».

— «Бэжавая мама» — вельмі цікавы феномен у псіхалогіі. Бэжавы колер увогуле лічыцца абарончым, — адзначае эксперт. — Гэта сведчыць пра тое, што чалавек, які выбірае мінімалізм і такі колер для свайго жыцця, знаходзіцца ў стане нейкай трывогі або неўрозу. Нараджэнне дзіцяці само па сабе з'яўляецца неўратычным эпізодам у жыцці жанчыны, звязаным з перажываннямі і трывогай. Маладая маці не можа кантраляваць свет вакол сябе, таму можа спрабаваць кантраляваць хаця б сваю прастору, усталёўваючы зразумелыя і простыя правілы.

Другое, аб чым можа сведчыць «бэжавае мацярынства», — гэта залежнасць чалавека ад чужога меркавання. Для такой мамы вельмі важна, што пра яе кажуць іншыя, і яна імкнецца прытрымлівацца нейкіх штучных стандартаў.

 — Можна выказаць здагадку, што ў «бэжавай мамы» нізкая самаацэнка і жаданне кампенсаваць унутраныя перажыванні. І менавіта таму яна пераймае чужыя стандарты эстэтыкі і спрабуе іх навязаць іншым. Паглядзіце, колькі ў інтэрнэце ролікаў, дзе «бэжавая маці» кажа, што толькі яе дзіця на пляцоўцы выглядае стылёва, ці высмейвае «няправільныя» каляровыя падарункі свайму дзіцяці ад сваякоў.

Эксперт лічыць, што можна казаць і пра імаверныя наступствы «бэжавага мацярынства».

— У дзіцяці, якое расце ў атмасферы перфекцыянізму, могуць узнікнуць кагнітыўныя скажэнні. Напрыклад, падзел колераў на «добрыя» і «дрэнныя», што ў будучыні прывядзе да таго, што чалавек жыве ў чорна-белым свеце. Жорсткія стандарты, якія засноўваюцца на неабходнасці быць «інстаграмным», таксама не будуць спрыяць фарміраванню здаровай асобы. Плюс, калі маці залежыць ад колькасці лайкаў у сацыяльных сетках, дзіця, імаверна, таксама будзе залежаць ад чужога меркавання і мець праблемы з самаацэнкай. Усё гэта разам не спрыяе развіццю нармальнага эмацыянальнага інтэлекту дзіцяці.

Эксперт раіць прышчэпліваць дзецям густ праз разнастайнасць: няхай будзе больш колераў, больш разнастайнай музыкі ў доме, рознай літаратуры — усё гэта патрэбна, каб сфарміраваць кагнітыўны рэпертуар дзіцяці.

Але ці заўсёды любоў да бэжавага сведчыць аб нейкіх праблемах?

— Калі вы робіце бэжавы інтэр’ер і набываеце бэжавыя рэчы проста таму, што вам падабаецца, і пры гэтым не хвалюецеся праз чырвоную машынку ці каляровую сукенку ад бабулі — значыць, з вамі ўсё ў парадку.

Чытайце таксама:

Памятаеце Мары Кандо, якая вучыла ўвесь свет прыбірацца? Пасля нараджэння трох дзяцей яна перастала хвалявацца наконт парадку

«Калега прасіла піць з майго кубка. Яна дагэтуль злуе, што не нарадзіла». Якія прыкметы раздражняюць цяжарных

«Праз трывожнасць набрала 30 кілаграмаў». Чаму некаторыя жанчыны панічна баяцца нараджаць і што з гэтым рабіць

Каментары да артыкула