БЕЛ Ł РУС

МАК заклікаў дапусціць беларускіх біятланістаў і лыжнікаў да міжнародных спаборніцтваў

25.02.2025 / 20:15

Nashaniva.com

Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў Міжнародны саюз біятланістаў і Міжнародную федэрацыю лыжнага спорту дапусціць да спаборніцтваў пад сваёй эгідаў спартсменаў з Беларусі і Расіі пад нейтральным сцягам. Пра гэта паведаміў шведскі тэлеканал SVT.

Допуск да спаборніцтваў дазволіць спартсменам удзельнічаць у адборы да Алімпійскіх гульняў у Італіі ў 2026 годзе. Цяпер такой магчымасці ў іх няма.

Беларускіх і расійскіх спартсменаў па большасці відаў спорту адхілілі ад міжнародных турніраў пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе. Але перад Алімпіядай у Парыжы МАК дазволіў удзельнічаць у адборы спартсменам, не звязаным з расійскай арміяй або сілавымі структурамі, у індывідуальных відах спорту. Дазвол на гэта павінны даваць спартыўныя федэрацыі.

У лыжных відах спорту і біятлоне расіян і беларусаў да міжнародных турніраў па-ранейшаму не дапускаюць, таму яны спаборнічаюць толькі паміж сабой. Але цяпер сітуацыя можа змяніцца.

«МАК хоча знайсці рашэнне, каб нейтральныя спартсмены маглі быць на зімовых Алімпійскіх гульнях», — сцвярджае крыніца шведскага тэлебачання. — Яны сапраўды хочуць дабрацца да гэтага і спадзяюцца, што хутка мы дазволім нейтральным спартсменам прайсці кваліфікацыю ў наступным сезоне».

Гэтую інфармацыю каналу пацвердзіў кіраўнік Міжнароднага саюза біятланістаў.

МАК гэтую тэму каментаваць адмовіўся.

Раней пра допуск спартсменаў з Беларусі і Расіі пад нейтральным сцягам на адборачныя спаборніцтвы абвясціў Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU).

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Італіі з 6 па 22 лютага 2026 года.

Чытайце таксама:

Беларуска з польскім пашпартам выйграла чэмпіянат Польшчы па стральбе з лука

Міжнародная федэрацыя хакея разгледзіць пытанне допуску Беларусі да міжнародных спаборніцтваў

Вяртанне беларускіх біятланістаў на міжнародныя спаборніцтвы зараз нават не разглядаецца

Міністр спорту лічыць міжсабойчык беларускіх і расійскіх біятланістаў у Раўбічах альтэрнатыўным чэмпіянатам свету. І вось чаму

Каментары да артыкула