БЕЛ Ł РУС

Украіна пагадзілася на здзелку з ЗША па выкапнях, калі Вашынгтон змякчыў свае патрабаванні

25.02.2025 / 22:40

Nashaniva.com

Кіеў спадзяецца, што пагадненне аб сумеснай разведцы рэсурсаў дапаможа палепшыць адносіны з адміністрацыяй Трампа і адкрые шлях да доўгатэрміновых абавязацельстваў ЗША ў галіне бяспекі.

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў верасні 2024 года ў ЗША. Фота: Alex Kent /Getty Images

Як паведамляе Financial Times, украінскія ўлады заявілі, што цяпер яны гатовыя падпісаць пагадненне аб сумесным развіцці сваіх мінеральных рэсурсаў, уключаючы нафту і газ, пасля таго, як ЗША адмовіліся ад патрабаванняў атрымліваць 500 мільярдаў долараў ад патэнцыйных даходаў ад іх эксплуатацыі.

Украінскія ўлады падкрэслілі, што ім удалося дамагчыся значна больш спрыяльных умоў і яны разглядаюць пагадненне як спосаб пашырэння адносін з ЗША, каб умацаваць перспектывы Украіны пасля трох гадоў вайны.

«Пагадненне аб мінеральных рэсурсах — гэта толькі частка агульнай карціны. Мы шмат разоў чулі ад адміністрацыі ЗША, што гэта частка большай стратэгіі», — заявіла ў інтэрв’ю Financial Times віцэ-прэм'ерка і міністарка юстыцыі Украіны Вольга Стэфанішына, якая кіравала перамовамі.

Першапачатковы праект пагаднення, які прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў як спосаб вяртання Украінай амерыканскай дапамогі ў вайсковай і фінансавай сферах пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе, выклікаў абурэнне ў Кіеве і іншых еўрапейскіх сталіцах.

Пасля таго, як Уладзімір Зяленскі адхіліў першапачатковы тэкст, Трамп назваў яго дыктатарам і паспрабаваў ускласці на Украіну віну за пачатак вайны.

Канчатковая версія пагаднення, якая датаваная 24 лютага і з якой азнаёміліся журналісты FT, прадугледжвае стварэнне фонду, у які Украіна будзе ўносіць 50% даходаў ад «будучай манетызацыі» дзяржаўных мінеральных рэсурсаў, уключаючы нафту і газ, а таксама лагістычнай інфраструктуры. Гэты фонд будзе інвеставаць у праекты ва Украіне.

Паведамляецца, што новае пагадненне не закранае рэсурсы, якія ўжо прыносяць даходы ў дзяржаўную казну Украіны. Гэта значыць, што яно не будзе тычыцца дзейнасці кампаній «Нафтогаз» і «Укрнафта», якія з'яўляюцца найбольшымі вытворцамі нафты і газу ў краіне.

Аднак пагадненне не ўключае спасылкі на гарантыі бяспекі з боку ЗША, якія Кіеў першапачаткова настойліва патрабаваў у абмен на пагадненне. Таксама не вызначаныя важныя пытанні, такія як памер долі ЗША ў фондзе і ўмовы «сумеснай уласнасці», якія павінны быць вырашаныя ў далейшых пагадненнях.

У тэкст унесена яшчэ адна змена, якой дамагаўся Кіеў, — палажэнне аб тым, што ЗША будуць падтрымліваць эканамічнае развіццё Украіны ў будучыні.

Украінскія чыноўнікі заявілі, што пагадненне было ўхвалена міністэрствамі юстыцыі, эканомікі і замежных спраў, і не выключылі магчымасці візіту Уладзіміра Зяленскага ў найбліжэйшыя тыдні ў Белы дом для цырымонія падпісання пагаднення з Трампам.

Чыноўнікі адзначылі, што пагадненне з'яўляецца «рамачным», і што рэальныя перадачы даходаў адбудуцца толькі пасля стварэння фонду, што дасць час на вырашэнне магчымых рознагалоссяў.

Сярод нявырашаных пытанняў застаецца юрысдыкцыі пагаднення — які суд будзе разглядаць магчымыя спрэчкі.

Урад Зяленскага таксама павінен будзе атрымаць згоду ад парламента Украіны, дзе апазіцыйныя дэпутаты ўжо далі зразумець, што, прынамсі, адбудзецца ажыўленая дыскусія перад ратыфікацыяй.

Чытайце таксама:

Умовы прапанаванай эканамічнай дамовы паміж ЗША і Украінай выглядаюць кабальнымі

Міністр фінансаў ЗША прывёз у Кіеў праект пагаднення па прыродных рэсурсах

ЗША катэгарычна адмаўляюцца ўключаць гарантыі бяспекі ў дамову аб карысных выкапнях з Украінай

«Рэдказямельныя металы, нафта, і ўсё, што зможам атрымаць»: Трамп заявіў, што яшчэ хоча замест «укладзеных ва Украіну грошай»

Каментары да артыкула