БЕЛ Ł РУС

Выручка «Еўрагандлю» за год вырасла на 12 працэнтаў

26.02.2025 / 14:43

Nashaniva.com

Кампанія «Еўрагандаль», якая кіруе гандлёвымі сеткамі «Еўраопт», «Хіт!» і «Грошык», апублікавала асноўныя аперацыйныя паказчыкі за 2024 год.

Фота: Office Life

З іх вынікае, што рознічная выручка харчовых крамаў рытэйлара склала 7,836 млрд рублёў. Гэта на 834 млн больш, чым у 2023 годзе. Цікава, што гандлёвыя плошчы кампаніі змяніліся нязначна — усяго на 2,2 тыс. кв. м, а агульная колькасць магазінаў увогуле засталася ранейшай — 1139 на канец 2024 года, піша Office Life.

Гэта сведчыць аб павышэнні эфектыўнасці працы гандлёвых кропак «Еўрагандлю». Кампанія пераразмяркоўвае намаганні паміж рэгіёнамі і населенымі пунктамі, а таксама аптымізуе штат. Колькасць яе супрацоўнікаў скарачаецца ўжо трэці год запар. На пачатак 2025-га іх было 31,9 тыс.

Асноўная частка гандлёвых плошчаў сканцэнтравана ў Мінску — 23% ад агульнай колькасці. На другім месцы — Гомельская вобласць (15%), на трэцім — Брэсцкая (14%). На Мінскую і Віцебскую вобласці прыходзіцца па 13%, Гродзенскую — 12%, Магілёўскую — 10%.

Дынаміка росту продажаў кампаніі, у параўнанні з вынікамі III квартала мінулага года, паскорылася. Тады рост выручкі ў гадавым выражэнні ацэньваўся ў 10%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула