БЕЛ Ł РУС

У Румыніі затрымалі прарасійскага кандыдата ў прэзідэнты Кэліна Джарджэску 

26.02.2025 / 14:55

Nashaniva.com

У паплечнікаў палітыка, якога звязваюць з Масквой, праходзяць ператрусы.

Кэлін Джарджэску. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

У Румыніі затрымалі экс-кандыдата ў прэзідэнты Кэліна Джарджэску. Яго машыну спыніла паліцыя, пасля гэтага палітыка даставілі на допыт у Генпракуратуру.

Адначасова сілавікі правялі 47 вобшукаў у набліжаных да Джарджэску, уключаючы яго целаахоўніка Харацію Потру, а таксама партнёрку ахоўніка, якая, паводле даных следства, мае цесныя сувязі з вышэйшымі коламі ўлады ў Маскве, піша digi24.ro.

На некалькіх фатаграфіях, якія фігуруюць у расследаванні, партнёрка ахоўніка адлюстраваная побач з чачэнскімі наймітамі і публікавала пасты, што дэманструюць яе сімпатыю да Расіі. Таксама, паводле інфармацыі следства, Харацію Потра быў заўважаны на Краснай плошчы ў Маскве ў верасні мінулага года.

Сярод абвінавачванняў, прад'яўленых затрыманым, значацца стварэнне фашысцкай групоўкі і фальсіфікацыя даных аб фінансаванні выбарчай кампаніі Джарджэску.

Каманда палітыка пасля затрымання заявіла, што ён мае намер пазмагацца за пасаду прэзідэнта на будучых выбарах.

Нагадаем, Джарджэску перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 22.94% галасоў, ён павінен быў пазмагацца за прэзідэнцкі пост у другім туры. Аднак Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага тура з-за замежнага ўмяшання ў выбарчы працэс. Паводле даных спецслужбаў, за Джарджэску ў тік-току агітавалі дзясяткі тысяч ботаў, якіх звязваюць з Крамлём.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула