У Белавежскай пушчы знайшлі новы для Беларусі від грыба
26.02.2025 / 16:54
У жніўні 2024 года падчас правядзення мікалагічных даследаванняў супрацоўнікамі навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» ў запаведнай зоне упершыню быў знойдзены грыб, вонкава падобны на раней не адзначаны ў Беларусі від — мерыпілус гіганцкі (Meripilus giganteus), паведамілі на сайце «Белавежскай пушчы».
Узоры грыба былі перададзеныя ў Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі для лабараторнага вывучэння. Па выніках генетычных даследаванняў была пацверджаная прыналежнасць грыба да гэтага віду. Знойдзеныя ўзоры грыба ўнесеныя ў калекцыю гербарыя інстытута.
Вонкава грыб вельмі прыгожы. Ён расце каля асновы ствалоў і пнёў многіх лісцяных дрэў, з якіх часцей за ўсё аддае перавагу дубу (у Еўропе расце таксама на буку, зрэдку на іглічных дрэвах). Пладовыя целы могуць расці таксама на пагружанай у глебу драўніне, і ў гэтым выпадку маюць шматлікія капялюшыкі, якія ўнізе трымаюцца на адной агульнай аснове.
Па энцыклапедычных дных маса пладовага цела ў буйных экзэмпляраў мерыпілуса гіганцкага можа дасягаць 25-30 кг.
Паверхня пораў Meripilus giganteus пры пашкоджанні хутка афарбоўваецца ў цёмна-карычневы або чорны колер.
Грыб адносіцца да катэгорыі ядомых відаў, але ў ежу рэкамендуецца выкарыстоўваць толькі маладыя мерыпілусы. Хоць у іх мяккая і далікатная мякаць, вядома, што ў некаторых людзей гэтыя грыбы выклікаюць нястраўнасць.
Чытайце таксама:
У лесе пад Жодзінам знайшлі рэдкі і незвычайны грыб
Вельмі дзіўны грыб вырас у Белавежскай пушчы