БЕЛ Ł РУС

Вясковец стрэліў сабе ў галаву, праспаў палову сутак — і выжыў

27.02.2025 / 15:58

Nashaniva.com

Здарэнне адбылося ў верасні 2024 года ў адной з вёсак Глускага раёна. Вяскоўка, вярнуўшыся вечарам з працы, знайшла сужыцеля, які ляжаў у двары на канапе. Паколькі мужчына злоўжываў алкаголем, яна вырашыла, што ён проста спіць, і не стала яго турбаваць.

Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз

Аднак наступнай раніцай жанчына заўважыла, што мужчына хрыпіць, а ягоная галава ў крыві. Яна выклікала хуткую дапамогу — мужчыну ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Медыкі выявілі адкрытае пранікальнае раненне галавы і іншароднае цела ў мазгу, а потым дасталі кулю вагой 2,5 г.

Следчыя разам са спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правялі агляд месца здарэння і апыталі знаёмых. Таксама стала вядома, што гэта была куля малакалібернага патрона кольцавага ўзгарання 5,6×16R, прызначанага для стральбы з наразной агнястрэльнай зброі. 

У выніку выявілася наступнае. Пацярпелы круціў пісталет каля галавы, дэманструючы яго сябру, і тут адбыўся стрэл. Ад удару мужчына ўпаў на канапу, а ягоны сябра, спалохаўшыся, збег.

Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз

Праз некаторы час прыйшоў яшчэ адзін знаёмы, які вырашыў, што гаспадар проста п’яны і спіць. Аднак ён заўважыў самаробны пісталет на зямлі, забраў яго і схаваў дома, а пазней разабраў і выкінуў у штучны вадаём.

Цяпер гэты мужчына прыцягваецца да крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі.

Следчыя знайшлі выкінутую зброю і накіравалі яе на балістычную экспертызу.

Судовыя эксперты пацвердзілі, што знойдзены ў вадаёме металічны прадмет цыліндрычнай формы быў саматужна зроблены і з’яўляецца ручной кароткарульнай гладкарульнай агнястрэльнай зброяй, прыдатнай для стральбы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула